Украінскія студэнты просяць Вакарчука балатавацца ў прэзідэнты

Украінскія студэнты звярнуліся да лідара "Океана Ельзи" Святаслава Вакарчука з просьбай балатавацца на пасаду прэзідэнта Украіны. Напрыканцы мінулага тыдня навучэнцы Запарожскага нацыянальнага ўніверсітэта далучыліся да ініцыятывы сваіх калег з Кіеўскага палітэхнічнага ўніверсітэта і апублікавалі адпаведны заклік да музыкі.


"Мы, моладзь, усведамляем багацце культурнага патэнцыялу ўласнай нацыі ды ганарымся тымі здабыткамі, якія пакінулі нам продкі. Аднак увесь нацыянальна-культурны арсенал мусіць рэалізоўвацца з зацікаўленым у справе рухавіком, — гаворыцца ў звароце студэнтаў факультэта журналістыкі ЗНУ. — Мы выказваем Вам маральны давер і спадзяемся, што Ваша талерантная пазіцыя і незаплямленая рэпутацыя дапамогуць стварыць ва Украіне новае пакаленне сацыяльна адказных палітыкаў, якія будуць клапаціцца пра грамадства і здароўе нацыі.


Вы — узор чалавека з цвёрдымі перакананнямі, маральнымі каштоўнасцямі і высокім інтэлектам. Акрамя таго, мы верым, што Вы сапраўды будзеце працаваць на карысць Украіны і зможаце сабраць магутную каманду аднадумцаў, якія дапамогуць у развіцці ўкраінскай ідэі і дзяржаўнасці.


Вы — духоўны лідар, які сваёй творчасцю і ўласнымі ўчынкамі не першы год аб'ядноўвае грамадзян з рознымі жыццёвымі поглядамі і які верыць у з'яўленне ўкраінскага дэмакратычнага грамадства. Мы верым у Вашу шчырасць!"


Нагадаем, некалькі тыдняў таму Святаслаў Вакарчук правёў шэраг сустрэч са студэнтамі ўкраінскіх ВНУ у Цэнтральнай і Усходняй Украіне.

Паводле music.com.ua

Фота: vk.com


 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі