Украіне ўпершыню перададуць канфіскаваныя расійскія актывы
![Акрамя маёмасці расійскіх алігархаў, заходнія краіны замарозілі каля $300 млрд золатавалютных рэзерваў Расіі. Можа, калісці яны пяройдуць Украіне / Reuters](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/%D0%B3%D0%BB%D0%B0%D0%B2%D0%BD%D0%B0%D1%8F_91.jpg.webp?itok=KaH0uAqb)
Акрамя маёмасці расійскіх алігархаў, заходнія краіны замарозілі каля $300 млрд золатавалютных рэзерваў Расіі. Можа, калісці яны пяройдуць Украіне / Reuters
ЗША перададуць Украіне $5,4 млн, якія канфіскаваныя ў заснавальніка медыя "Царград" Канстанціна Малафеева.
— Я абвяшчаю, што санкцыянаваў першую ў гісторыі перадачу канфіскаваных расійскіх актываў для выкарыстання ва Украіне, — кажа генеральны пракурор ЗША Мэрык Гарланд. — Канфіскаваныя сродкі далей будуць перададзеныя Дзярждэпартаменту для падтрымкі народа Украіны. Расійскія вайсковыя злачынцы не знойдуць прытулку ў ЗША.
Грошы пойдуць на аднаўленне краіны, адзначае генпракурор Украіны Андрэй Косцін.
Сродкі Малафеева былі арыштаваныя, калі ён спрабаваў перавесці іх партнёру ў абыход санкцый. Яны захоўваліся ў дэнверскім Sunflower Bank (ЗША).
Малафееў трапіў пад санкцыі ЕС, ЗША і Канады ў 2014 годзе. Прычынай стала тое, што ён "цесна звязаны з украінскімі сепаратыстамі ва Усходняй Украіне і Крыме", "зрабіў шэраг публічных заяў у падтрымку анэксіі Крыма і далучэння Украіны да Расіі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.