Вы тут

Украіна сёлета выканала шэсць запытаў беларускіх сілавікоў

Украіна працягвае супрацу з беларускімі сілавікамі / БЕЛТА

Украінскія сілавыя ведамствы працягваюць узаемадзеянне з беларускімі калегамі ў рамках міжнароднай прававой дапамогі. Пра гэта піша Free Belarus center са спасылкай на народную дэпутатку Украіны Іну Саўсун. Яна накіравала запыты ў СБУ, МУС і Генпракуратуру.

Служба бяспекі Украіны паведаміла, што супрацоўнічае і абменьваецца інфармацыяй з КДБ у рамках падпісаных раней пагадненняў. Спаслаўшыся на сакрэтнасць, супрацоўнікі СБУ адмовіліся сказаць, якія запыты КДБ яны задавальняюць.

Паводле інфармацыі МУС, Нацпаліцыя супрацоўнічае з беларускай міліцыяй толькі ў раскрыцці злачынстваў. Па даручэнні Генпракуратуры ўкраінскія следчыя ў 2021 годзе выканалі 6 з 19 запытаў з Беларусі па крымінальных справах. Праца па яшчэ 13 запытах працягваецца.

Таксама украінская паліцыя кантактуе з беларускімі сілавікамі па лініі Інтэрпола. Сёлета было 378 такіх кантактў. Яны датычылі вышуку асоб, аўтамабіляў, расследавання крымінальных спраў па махлярстве, рабаванні, крадзяжах, нелегальнай міграцыі, карупцыі, незаконным абароце наркотыкаў, нанясенні цялесных пашкоджанняў і тэрарызме.

Дзяржаўная міграцыйная служба паведаміла, што сёлета з Украіны былі выдаленыя ў Беларусь ды іншыя краіны 16 беларусаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.