Украіна разарвала дыпламатычныя адносіны з Паўночнай Карэяй

Украіна разарвала дыпламатычныя адносіны з Паўночнай Карэяй. Гэта стала вынікам прызнання КНДР так званых "ЛНР" і "ДНР".

"Міністэрства замежных спраў Украіны рашуча асуджае рашэнне Карэйскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі прызнаць так званую незалежнасць часова акупаваных Расійскай Федэрацыяй тэрыторый у Данецкай і Луганскай абласцях Украіны. У адказ на такі недружалюбны акт Украіна заяўляе аб разрыве дыпламатычных адносін з КНДР. Палітычныя і эканамічныя кантакты з КНДР не ажыццяўляюцца з-за накладзеных на гэтую краіну міжнародных санкцый", — паведамляецца на сайце ўкраінскага МЗС.

У заяве таксама гаворыцца, што прызнанне незалежнасці "ДНР" і "ЛНР" "з'яўляецца нікчэмным, не будзе мець юрыдычных наступстваў і не зменіць міжнародна прызнаных межаў Украіны". Крок Паўночнай Карэі расцэньваецца афіцыйным Кіевам як "спроба падарваць сувернітэт і тэрытарыльную цэласнасць Украіны".

Кіраўнік украінскага МЗС Дзмітрый Кулеба падкрэсліў, што ў Расіі больш не засталося ў свеце саюзнікаў, апроч краін, якія фінансава і палітычна ад яе залежаць, а ўзровень ізаляцыі РФ хутка можна будзе паставіць у адзін шэраг з ізаляцыяй КНДР.

 

Пра прызнанне сувернітэта так званых "ЛНР" і "ДНР" Паўночнай Карэяй стала вядома 13 ліпеня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.