Вы тут

Украіна настойвае, каб сабраць “Нармандскую чацвёрку” ўжо ў верасні

Сцягі "Нармандскай чацвёркі" / www.ukrinform.net

Уладзімір Зяленскі прыспешвае заходніх лідараў з арганізацыяй сустрэчы ў “Нармандскім фармаце”. На яго думку, такая сустрэча на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў мусіць прайсці яшчэ ў верасні. Пра гэта прэзідэнт Украіны заявіў на сустрэчы з прэзідэнтам Фінляндскай Рэспублікі Саулі Ніінісцё:

“Цяпер у нас няма даты. Мы настойваем, каб гэтая сустрэча адбылася менавіта ў верасні. Таму што заканчэнне вайны, вяртанне ўсіх нашых палонных — гэта прыярытэтная задача для мяне як для прэзідэнта Украіны”, — цытуе Зяленскага яго прэс-служба.

Ён адзначыў, што ў перамовах Украіна стаіць на пазіцыі захавання нацыянальных інтарэсаў:

“Вы выдатна ведаеце, што не я падпісваў гэтыя Мінскія пагаднення, але мы з вамі разумеем, што адказнасць зараз на мне. Ніхто не здымае гэтай адказнасці, таму што гэта наша з вамі краіна. І мы будзем працаваць і змагацца, каб абараняць кожную кроплю нашых украінскіх інтарэсаў”.

У пачатку ліпеня 2019 года Зяленскі прапанаваў правесці сустрэчу “Нармандскай чацвёркі” ў Мінску. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін адрэагавалі на гэтую прапанову станоўча. 31 жніўня прэзідэнты Украіны і Расіі размаўлялі па тэлефоне і канчаткова дамовіліся пра сустрэчу ў “Нармандскім фармаце” на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў (Францыя, Нямеччына, Расія, Украіна). “Гледзячы вочы ў вочы і ў прысутнасці заходніх лідараў, мы можам дамовіцца”, — сказаў тады Зяленскі.