Указ прэзідэнта пра аўташколы ўступіў у сілу

Доўгачаканы ўказ, які дазваляе аўташколам самім усталёўваць кошты за навучанне, ужо афіцыйна апублікаваны ў рэестры прававых актаў. Гэта значыць, што ён уступіў у сілу. Аднак усталёўваць свае цэны аўташколы яшчэ не могуць, і набор вучняў туды часова прыпынены. Па словах супрацоўніцы Спецаўташколы, там чакаюць апошняй фармальнасці – публікацыі пастановы Савета Міністраў:

“Мы набор прыпынілі. І будзем узнаўляць яго ў красавіку на жнівень. Сёння мы яшчэ называем старую цану, таму што новая знаходзіцца на стадыі фарміравання. Разумееце, указ-то выйшаў, а Савет Міністраў яшчэ не даў свайго распараджэння. Таму школы павінны працаваць па старой цане на гэты момант”.

Пастанова Савета Міністраў будзе падпісаная цягам некалькіх наступных дзён. Аб гэтым Еўрарадыё расказаў юрыст Саўміну Аляксей Аўраменка:

“У рамках рэалізацыі ўказа была прынята пастанова ўраду аб адмене ставак на навучанне кіраванню аўтамабілем, якія былі ім непасрэдна зацверджаныя. Вось гэтая пастанова, падпісаная 19 сакавіка, уступае ў сілу з дня яе афіцыйнай публікацыі. Як толькі пастанова будзе апублікаваная, будзе ў поўнай меры выкананы гэты пункт. Апублікаваная яна будзе на гэтым тыдні. Ну, бліжэйшыя пару дзён”.

Між тым, змены ва ўказ прэзідэнта, якія выключаюць з дакумента словы “за навучанне кіраванню механічным транспартным сродкам”, ужо ўнесеныя. Гаворыць юрыст Нацыянальнага цэнтру прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ягор Талочка:

“Як толькі наш указ уступае ў сілу, Савет Міністраў павінен прымаць меры па яго рэалізацыі, то бок, уносіць змены туды, туды і туды… Вось я гляджу зараз гэты пералік. Так! Яно ўжо ўсё выключана. Значыць, я так разумею, прыведзена ў адпаведнасць”.

Дакумент лічыцца афіцыйна апублікаваным у наступных выданнях: выданне Нацыянальнага рэестра прававых актаў Рэспублікі Беларусь (і яго электронная версія на сайце www.pravo.by), газетах “Советская Белоруссия”, “Звязда”, “Рэспубліка” і “Народная газета”.

Нагадаем, што дзякуючы новаму ўказу некаторыя аўташколы змогуць падняць кошты на навучанне да 1,5 мільёна рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі