Укамплектацыя школьніка каштуе 500 долараў

Да 1 верасня, пачатку навучальнага году, застаўся тыдзень. Але ў крамах цяжка знайсці школьную форму добрай якасці. Дэфіцыту іншых тавараў няма, галоўнае – знайсці на іх грошы, бо на “ўкамплектацыю” школьніка трэба выкласці ад двухсот тысячаў беларускіх рублёў да паўтысячы долараў і больш. Журналістка Еўрарадыё наведала так званыя школьныя базары і разам з бацькамі палічыла, у што абыдзецца збор дзіцяці ў школу.

Амаль аднагалосна ўсе бацькі наракалі на абавязковую школьную форму айчынных вытворцаў. Яна і каштуе шмат, і выглядае не вельмі.

Маці Вольгі, якая сёлета ідзе ў другі клас, так і не змагла знайсці на сваю дачку касцюма, які б ёй пасаваў і падабаўся.

Маці Вольгі: Выбара ніякага. Школьную форму знайсці немагчыма. Беларускія вытворцы напрыдумвалі такога, што страшна на дзіцёнка гэта апрануць. А дзе знайсці нешта іншае, не ведаю. Напэўна давядзецца нарасціць рукавы ў мінулагодняй форме. Партфелі таксама не падабаюцца, таму пойдзем са старым.

Маці Мікіты і Тані скардзіцца, што памеры айчыннай вопраткі таксама непрадуманыя.

Маці Мікіты і Тані: Выбару няма. Асабліва на дзяцей нестандартнай фігуры, а ў мяне дачка худзенькая і высокая.

Зрэшты, некаторыя бацькі ўсё ж знаходзяць штосьці і сярод беларускай школьнай формы. Маці Славы і Светы кажа, ёй пашчасціла, што сын носіць вопратку 2 гады, бо яна вельмі дарагая.

Маці Славы і Светы: Якасць нас задавальняе, бо вопратка баваўняная. Але касцюмы дарагія па 80-90 тысяч у сярэднім плюс абутак за 70 тысяч. Мы набылі беларускае і задаволеныя, але заплечнікі нашыя маглі б быць лепшымі.

Маці сямікласніка Міколы таксама скардзіцца, што збор дзіцяці ў школу б'е па кішэні. І таксама заўважае, што цэны на школьныя рэчы ў параўнанні з мінулым годам падвысіліся.

Маці Міколы: Мы пакуль набылі толькі абутак за 70 тысяч і касцюм за 140. У мінулым годзе ён каштаваў 90 тысяч. Цэны выраслі, а зарплата за год не падвысілася. Мой заробак – мільён. Трэба яшчэ набыць бялізну, кашулі, шкарпэткі, заплечнік, сшыткі. Калі ўкладземся ў 500 тысяч, то будзе добра. А калі яшчэ пойдзе як у мінулым годзе на плаванне, то гэта будзе наогул вельмі вялікая лічба.

Маці Славы і Светы таксама кажа, што ўсё вельмі дорага і зазначае, што з аднаго заробку суму на дваіх дзяцей выкласці немагчыма. І пры чым гэта будзе толькі самае неабходнае: заплечнік (40-60 тысяч), пэнзлі (4-5 тысяч), набор фламастараў і алоўкі (4 тысячы), сшыткі (170-500 за штуку), а таксама спартовая форма, плата за падручнікі (20-40 тысяч)…

Што тычыцца кошту ўкамплектавання школьніка, меркаванні матуль, адказных за працэс, розняцца. Яны называюць лічбы ад 200 тысячаў да 500 долараў на адно дзіця. Прычыну досыць вялікай разбежкі тлумачыць маці другакласніцы Вольгі:

Маці Вольгі: Яшчэ носяць тэчкі для сшыткаў, фенечкі на заплечнік. А ўсё астатняе тое ж, што і звычайна – алоўкі, асадкі, але галоўнае, каб гэта было прыгожа. Асабліва іх радуюць сшыткі з прыгожымі вокладкамі, дзе намаляваныя яе любімыя героі мультфільмаў. Можна і нашыя купіць зялёныя за 170 як ў нашыя часы. Але дзіцёнку яны не прыемныя і сумныя.

Але апроч звычайных школьных прыладаў прыходзіцца набываць яшчэ і мабільнікі з bluetooth і іншыя рэчы, каб выхаванцы не выглядалі горш за астатніх. Не кажучы ўжо пра хатні кампутар.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі