Удзельнікі акцыі ў Мінску прынялі рэзалюцыю: пагадненні з Расіяй нелегітымныя

Удзельнікі акцыі ў Мінску прынялі рэзалюцыю: пагадненні з Расіяй нелегітымныя

У нядзелю ў Мінску праходзіць чарговая несанкцыянаваная акцыя пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі з Расіяй. Першая адбылася ў суботу, пратэстоўцы, якіх было да тысячы чалавек, мітынгавалі на Кастрычніцкай плошчы, праходзілі шэсцем па ходніках праспекта Незалежнасці і некалькіх вуліц. 8 снежня на Кастрычніцкую плошчу прыйшлі сотні людзей. Акцыяй кіруе сябра аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Павел Севярынец. Асноўныя лозунгі: "Не — аншлюсу!", "Ніякіх саюзаў з імперскай Расіяй!", "Жыве Беларусь!".

Пратэстоўцы прагаласавалі за рэзалюцыю мітынгу. У ёй гаворыцца пра тое, што людзі выказваюць пратэст супраць "глыбокай інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй", падпісання "дарожных картаў". Заяўлена пра "нелегітымнасць усіх пагадненняў", падпісаных цяперашнімі кіраўнікамі Беларусі і Расіі. Таксама ўдзельнікі акцыі заклікаюць міжнародную супольнасць "праявіць салідарнасць з беларускім народам, прызнаць нелегітымнымі ўсе пагадненні паміж рэжымамі Лукашэнкі і Пуціна", а пры неабходнасці ўвесці дадатковыя санкцыі супраць іх.

"У беларускага народа хопіць сіл, каб абараніць незалежнасць. Незалежнасць — гэта шлях да свабоды. Жыве Беларусь!", — такімі словамі заканчваецца тэкст рэзалюцыі.

Як вядома, акцыі пратэсту былі прымеркаваны да сустрэчы ў Сочы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Аднак яны не падпісалі ніякіх дакументаў па інтэграцыі. Наступная сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расіі прызначана на 20 снежня. Да гэтага дня Севярынец анансаваў новую вулічную акцыю пратэсту ў Мінску.

Як і 7 снежня, у нядзелю пратэстоўцы зноў "гуляюць" па вуліцах сталіцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі