Вы тут

"Удар адчаю" — кіраўнік партала пра затрыманне Андрэя Маслоўскага

Андрэй Маслоўскі  / фота з сацсетак

Як спробу біць без разбору ацаніў кіраўнік праекту Tribuna.com Максім Беразінскі затрыманне былога журналіста партала Андрэя Маслоўскага. Такое меркаванне Беразінскі выказаў у інтэрв'ю агенцтву БелаПАН.

Маслоўскага затрымалі напярэдадні, у яго дома прайшоў ператрус. А адзін з праўладных тэлеграм-каналаў апублікаваў відэазапіс з "прызнаннямі" журналіста, дзе ён распавядае аб працы рэдакцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

"Складана каментаваць, калі спрабуюць біць без разбору. Зразумела, што мэта ціску на прэсу — прымусіць замаўчаць", — сказаў Беразінскі. Ён нагадаў, што Tribuna.com была заблакаваная адной з першых. Гэта адбылося яшчэ ў дзень выбараў — 9 жніўня 2020 года. Адным з першых партал атрымаў і статус экстрэмісцкага. Аднак рэдакцыя працягвала працаваць.

"Напэўна, камусьці гэта не падабаецца. Мне бачыцца ў гэтым бяссілле. У футболе гэта называецца так — "удар адчаю", — сказаў Бярэзінскі.

Ён таксама распавёў, што на момант затрымання Маслоўскі ўжо не быў супрацоўнікам рэдакцыі. Ён прапрацаваў на партале амаль 11 гадоў, спецыялізаваўся на футболе. У ліпені 2021 года звольніўся па пагадненні бакоў.

"Складана знайсці больш добрага, прыстойнага і спакойнага чалавека, чым Андрэй. Ён заўсёды знаходзіў магчымасць дамовіцца па любой праблеме. Проста спадзяюся, што розум усё ж пераможа і Андрэй хутчэй вернецца да жонкі і дзетак, якіх вельмі любіць", — адзначыў Максім Беразінскі.

У Андрэя Маслоўскага двое дзяцей.

Нагадаем, што пад вартай знаходзіцца яшчэ адзін журналіст Tribuna.com і футбаліст клуба "Крумкачы" Аляксандр Івулін. Акрамя таго, на мінулым тыдні прайшоў ператрус у кватэры, якую раней здымаў галоўны рэдактар "Трыбуны" Максім Беразінскі, а таксама ў яшчэ аднаго супрацоўніка сайта.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.