У Жыткавічах асудзілі за хуліганства непаўналетняга футбольнага фаната

У Жыткавічах асудзілі за хуліганства непаўналетняга футбольнага фаната

У Жыткавічах на паўтара года пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на год асудзілі 17-гадовага футбольнага фаната. Ён таксама павінен адпрацаваць 60 гадзінаў на грамадска-карысных працах. Прысуд быў абвешчаны 28 снежня, аднак пакуль не набыў законнай сілы, паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Гомельскага абласнога суда.

Паводле следства, у верасні юны футбольны фанат з Калінкавічаў прыехаў у Жыткавічы падтрымаць з сябрамі футбольны клуб “Вертыкаль”, які сустракаўся з мясцовым “ЮА-Буд-Жыткавічы”. Пасля гульні фанаты з Калінкавічаў увязаліся ў канфлікт з апанентамі. Жыткавіцкія заўзятары паўцякалі, пакінуўшы аднаго са сваіх сяброў у атачэнні непрыяцеляў. Падазраваны запатрабаваў у хлопца адмовіцца ад ідэі антыфашызму і збіў яго.

Гвалт суправаджаўся відэаздымкай, якая пазней была размешчаная ў сацыяльных сетках. Паводле праваахоўнікаў, затрыманы быў прыхільнікам ідэяў фашызму. Міліцыя акцэнтавала ўвагу грамадскасці, што на размешчаным у інтэрнэце відэа падазраваны быў у майцы з “Пагоняй”.

Апроч асноўнага пакарання, асуджаны павінен таксама сплаціць пацярпеламу 6 мільёнаў рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. У сувязі з тым, што фігурант справы не мае дастатковых сродкаў, дадатковую адказнасць па выплаце гэтай кампенсацыі ўсклалі на яго маці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі