У жаночай калоніі Гомеля 20 чалавек сядзяць за пасылкі палітвязням

Марына Золатава

Марына Золатава / "Зеркало"

Сярод 130 жанчын, якія сядзяць у гомельскай калоніі за "экстрэмізм", больш за 20 — пенсіянеркі. Пра гэта экс-палітзняволеная журналістка Марына Золатава расказала ў вялікім інтэрв'ю выданню "Зеркало".

"Каля 20 сядзяць за пасылкі, каля 30 — па "справе дваровых чатаў". Чалавек сем — па "справе Гаюна". Вельмі шмат па "справе ЧКБ", некаторыя з жанчын практычна цалкам адседзелі свой тэрмін — пяць гадоў. Ім вельмі кепска. І іх трэба ратаваць", кажа Золатава.

Яна заявіла, што лёс жанчын, асуджаных за пасылкі палітвязням, хвалюе яе найбольш. 

"І сярод гэтых жанчын таксама ёсць пенсіянеркі. Напрыклад, там ёсць Алена Вярбіцкая, якой 70 гадоў, або Наталля Жыгар — таксама 70. Ёсць там маладзейшыя пенсіянеркі, і яны атрымалі па тры-чатыры гады рэальнага тэрміну за тое, што дасылалі людзям у СІЗА зефіркі, пячэнькі. І ў цябе ўзнікае пытанне: чаму? У чым наогул злачынства заключаецца? То бок сядзяць у СІЗА людзі. Ім не забаронена дасылаць пасылкі. Ім не забароненыя грашовыя пераводы. У дачыненні да іх не набыў моц прысуд. Прыцягваюць да адказнасці жанчын — і яны атрымліваюць рэальныя тэрміны", — апісвае Золатава сітуацыю.

Яна здзіўляецца, чаму ў такім разе не прыцягваюць да адказнасці адміністрацыю СІЗА, якая прапускала пасылкі, і "Белпошту", якая гэтыя пасылкі перадавала. Золатава падкрэслівае несправядлівасць.

Яна звяртае ўвагу, што многія з "палітычных", каму дасылалі гэтыя пасылкі, нават не траплялі ў калонію: ім прысуджалі "хатнюю хімію" і з СІЗА адпраўлялі дадому. А жанчынам, якія дасылалі ім пасылкі, давалі па тры-чатыры гады калоніі.

"У калоніі адзін з самых адначасова і сумных, і кранальных момантаў быў, калі я даведалася, што ў адзін з атрадаў заехала жанчына, якая адпраўляла мне вельмі мілыя пасылкі, паштовачкі… Быў такі час у дваццаць другім годзе, у дваццаць першым, калі я атрымлівала пасылкі і паштоўкі ад вялікай колькасці незнаёмых людзей. Гэта было цудоўна, заўсёды бадзёрыла. І некага ты вылучаеш асабліва, бо табе здаецца, што вы з імі на адной хвалі, вам цікавае адно і тое ж. І калі я даведалася, што ў калонію трапіла адна з гэтых жанчын… Я тады расплакалася. На шчасце, яе разам са мной вывезлі на аўтобусе 13 снежня", — згадвае Золатава.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.