У якіх чэргах стаяць беларусы?

У сацыяльных сетках абмяркоўваюць чэргі ў першы ў Мінску “Бургер Кінг” па бясплатную колу. Стаянне ў розных чэргах засталося яшчэ з савецкіх часоў. Еўрарадыё вырашыла ўспомніць, у якіх чэргах стаялі беларусы.

Як адчыняліся першыя Burger King у Мінску, Парыжы і Маямі (фота)

Чэргі па візы

У чэргах па візы ў польскім і літоўскім консульствах у Мінску беларусы стаяць гадзінамі, і так ужо некалькі гадоў. Нават увядзенне электроннай рэгістрацыі не вельмі выправіла сітуацыю.

Чэргі на ўвоз аўтамабіля

Калі стала вядома, што ў Беларусі падымуць мытную пошліну на ўвоз машын з Еўропы ў некалькі разоў, многія беларусы кінуліся на захад, каб паспець набыць сабе аўто па старых правілах. На мяжы ўтварыліся вялікія чэргі з ахвочых увезці аўтамабіль. Прастаяць у такой чарзе можна было больш за суткі.

Чэргі на канцэрт “Ляпісаў” у Вільню

На апошні канцэрт гурта “Ляпіс Трубяцкі” ў Вільню “панаехала” столькі беларусаў, што на мяжы ўтварыліся не толькі чэргі з аўтамабіляў, але яшчэ і чэргі з ахвочых трапіць у Літву пешшу!

Чэргі ў абменнікі

У красавіку 11 года ў Беларусі пачаўся валютны крызіс, набыць валюту можна было толькі на чорным рынку па высокім курсе альбо стаяць у чарзе ў абменнік. Некаторыя людзі арганізоўваліся і стваралі запіс у чаргу і па начах дзяжурылі каля абменных пунктаў. Даходзіла да таго, што абменнік проста штурмавалі. Вось як гэта было ў “Кароне”.

Чэргі па бензін

Паведамляць пра падаражанне паліва загадзя ў нас не прынята. Таму ўсе даведваюцца пра гэта вечарам напярэдадні ўвядзення новых цэнаў. Да 12 гадзіны ночы многія аўтаўладальнікі спяшаюцца на АЗС, каб паспець заліць поўны бак па старой цане.

Чэргі па жэтоны на метро

Жэтончык на метро — вельмі выгадны спосаб укладання грошай. За гады ён вырас у цане ў некалькі разоў. І напярэдадні чарговага падаражання беларусы пачалі закупацца. Але метрапалітэн паспяшаўся прыняць меры, бо жэтонаў у касах проста стала не хапаць, і перастаў прадаваць больш за 2 у адны рукі. Чэргі ад гэтага не сталі меншымі.

Чэргі па квіткі на БАТЭ

Калі барысаўскі клуб выйшаў у Лігу чэмпіёнаў, з’явілася адразу шмат ахвочых трапіць на матчы. Чаргу па квіткі пачыналі займаць з гадзіны ночы.

Чарга ў краму Apple

Прыхільнікі айфонаў пачалі займаць чаргу ў першую афіцыйную краму ў Мінску за 3 гадзіны.

Чэргі па лядоўні і тэлевізары

Гэтая гісторыя паўтаралася падчас кожнага з валютных крызісаў. Калі ў грамадзян не было магчымасці набыць валюту, яны ўкладалі свае “белкі” ў бытавую тэхніку. Паліцы крамаў хутка рабіліся пустымі.

Атрымаць зніжку “Віталюра”

Новы рыбны супермаркет паабяцаў першым наведнікам карту са зніжкай у 3 працэнты! Праз гэта на адкрыці мінчане ўчынілі цісканіну.

Чарга па новую GTA

Мінчане штурмавалі гандлёвы цэнтр “Сілуэт”, у якім прадавалі новую камп’ютарную гульню GTA 5.

Чэргі ў брэндавыя крамы

Каб набыць туфлі за 8 мільёнаў са зніжкай у “ноч распродажаў”, у дарагіх крамах таксама з'явіліся чэргі. Праўда, можа з-за бясплатных кактэляў, якія там налівалі?

Чэргі ў музеі

Чэргі на Ноч музеяў у Мінску ужо сталі традыцыйнымі, нават нягледзячы на тое, што ўваход у нас платны.

Фота: tut.by, onliner.by, euroradio.fm

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі