У вяскоўцаў праз Дажынкі забіраюць агароды

У Горацкім раёне напярэдадні мясцовых Дажынак у людзей хацелі адабраць агароды. Мясцовы райвыканкам уключыў прыдамавыя тэрыторыі ў план падрыхтоўкі да святкаванняў. На месцы агародаў планавалася зрабіць зону для адпачынку для дзяцей і моладзі, распавядае жыхарка вёскі Аўсянка Жанна Шчарбініна:

“У сувязі з тым, што ў нашай вёсцы праводзяць раённыя Дажынкі, чыноўнікі вырашылі добраўпарадкаваць уезд у вёску, каб уздоўж дарогі ўсё было прыгожа. Атрымліваецца, што нашы агароды размешчаныя ўздоўж трасы Горкі — Магілёў. Нам далі пяць дзён на тое, каб вызваліць агароды. Кампенсацыі за зямлю ніякай не прапанавалі. Людзі пайшлі да старшыні сельсавета сварыцца, аднак той сказаў, што яму такое рашэнне спусцілі зверху. Тады мы арганізаваліся і напісалі скаргі ў аблвыканкам і пракуратуру”.

Далей скаргу для разбіральніцтва пераслалі ў Горацкі райвыканкам. Мясцовыя чыноўнікі не разгубіліся і правялі ў школе сход бацькоў, на якім таксама абмеркавалі пытанне добраўпарадкавання вёскі. У выніку атрымалася, што 76 чалавек падтрымала ідэю перадачы зямлі, толькі 1 чалавек прагаласаваў супраць.

Аднак толькі палова людзей, чые агароды прымыкалі да дарогі, пагадзілася добраахвотна аддаць сваю зямлю і напісалі заявы, што адмаўляюцца ад зямлі. Іншая палова, а гэта каля 7 чалавек, гэта зрабіць катэгарычна адмовілася і ўжо засеяла свае дзялянкі. Сітуацыю каментуе праваабаронца Барыс Бухель:

“Людзей не папярэдзілі пра сход, аднак скарысталіся тым сходам, які адбываўся ў школе. Там чыноўнікі апыталі ўсіх прысутных бацькоў, якія ў тым ліку не жывуць у гэтай вёсцы і абыякавыя да праблем іншых людзей. Тых жа людзей, чые інтарэсы былі закранутыя, не апыталі. Іх не паінфармавалі, што будзе такі сход адбывацца, не запрасілі на яго. Юрыдычна гэта таксама непісьменна. Калі ўлада хоча забраць зямлю, а грамадзяне адмаўляюцца — тады такія рэчы вырашаюцца праз суд”.

Тым часам мясцовыя жыхары не губляюць часу і спрабуюць хоць неяк абараніць свае дзялянкі і атрымаць адказ, што будзе далей з іх зямлёй. Яны падрыхтавалі чарговы зварот на імя старшыні сельскага савета.

Фота: govorim.by

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі