Вы тут

У Вільні невядомы памяняў сцягі на беларускай амбасадзе

Амбасада Беларусі ў Літве / delfi.lt

Над амбасадай Беларусі ў Літве напярэдадні хтосьці памяняў сцягі. Афіцыйны чырвона-зялены сцяг знік, а на яго месцы з'явіліся бел-чырвона-белы беларускі і жоўта-сіні ўкраінскі. Пра гэта паведамляе Delfi.lt.

Інцыдэнт адбыўся ў нядзелю ў другой палове дня.

"На тэрыторыю беларускай амбасады пракраўся старонні чалавек. Ён зняў сцяг Беларусі і замест яго павесіў сцягі незалежнай Беларусі і Украіны", — паведамілі ў паліцыі. Акрамя таго, на тэрыторыі амбасады выявілі некалькі бутэлек з гаручай сумессю, частка сцяны будынка была абпаленая.

Затрыманыя двое мужчын 27 і 32 гадоў. Пачата расследаванне па факце апаганення сімвалаў замежнай дзяржавы. Літоўскае агенцтва адзначае, што за такое парушэнне можа пагражаць штраф, абмежаванне волі, арышт або пазбаўленне волі на тэрмін да 2 гадоў.

Напярэдадні ў Вільні адбылася антываенная акцыя, якую арганізавалі беларусы. У ёй паўдзельнічала некалькі сотняў чалавек. Яны пратэставалі супраць падтрымкі, якую Мінск аказвае Маскве ў агрэсіі ў дачыненні да Украіны. Пазней удзельнікі беларускага пратэсту далучыліся да акцыі каля расійскай амбасады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.