Вы тут

У Вілейцы лямпачкі рэкламуюць жаночымі грудзямі. Гэта сексізм?

Вераніка Гіль заўважыла на вуліцы ў Вілейцы рэкламны прычэп, на якім электратавары “для лямпачкі” рэкламуюцца выявай жаночых грудзей. Дзяўчына абурылася:

“Калі такая рэклама ў нас з'яўляецца дазволенай, ўзгодненай і ухваленай, побач з вялікімі грудзямі павінен знаходзіцца вялікі член у бялізне пуш-ап. Вось і ўсё. Роўнасць, свет без аб'ектывацыяй і сэксізму”.

"Можа, вам не падабаюцца прыгожыя грудзі?"

Еўрарадыё датэлефанавалася гаспадару прычэпа Яўгену Загорцу. Ён не лічыць рэкламу сэксісцкай, і нават задаволены, што яна прыцягвае ўвагу.

"Ужо два месяцы стаіць гэты фургон каля крамы, і ніводнага наракання не было. Наадварот, людзі звяртаюць увагу, задаволеныя. Часам нават, калі я за стырном і еду з гэтым прычэпам, кіроўцы абганяюць, пасміхаюцца, паказваюць клас. Чуў сто, можа двесці водгукаў, усё файна".

Па словах Яўгена Загорца, рэклама ўзгодненая належным чынам. Здымак грудзей проста ўзяты з інтэрнэта. Бізнесовец распавядае, што супрацоўнікам рэкламнага агенцтва, якое займалася нанясеннем рэкламы на тэнт, было прапанавана 40 варыянтаў грудзей. І яны выбралі менавіта гэты.

"Чаму жаночыя грудзі павінны каго-небудзь злаваць? Можа, вам не падабаюцца прыгожыя грудзі? А калі нейкім жанчынам гэта не падабаецца, дык толькі ад зайздрасці, што ў іх не такія".

Што не так з гэтай рэкламай?

Вольга Шпарага, кандыдатка філасофскіх навук і кіраўніца канцэнтрацыі “Сучаснае грамадства, этыка і палітыка” ў European College of Liberal Arts in Belarus, у каментарах звярнула ўвагу на нелагічнасць рэкламы:

“Увогуле, людзі прадаюць электрыку, прычым тут жаночыя грудзі? Ні пры чым, і менавіта таму гэта адкрыты сексізм. Змясцілі гэтую рэкламу, каб прыцягнуць увагу да лямпачак, зрабіўшы жаночыя грудзі падстаўкай для лямпачак”.

Ці шмат такой рэкламы ў Беларусі?

Рэклама, увага да якой прыцягваецца з дапамогай жаночага цела, з’яўляецца ў Беларусі рэгулярна. Гэтым прыёмам злоўжываюць і вытворцы бялізны, і сотавыя аператары, і інтэрнэт-правайдары. А гэтую рэкламу хрэна "ABC" Міністэрства гандлю ў свой час забараніла паказваць па тэлебачанні:

Каментуючы ў эфіры Еўрарадыё скандал з рэкламай ад брэнда Mark Formelle, які адбыўся пры канцы 2016 года, рэкламіст Ян Карпаў назваў сексізм эфектыўным, але вельмі тонкім інструментам. Карыстаючыся ім, вельмі лёгка зрабіць памылку:

"Калі мы кажам пра любоў мамы да дзіцяці — гэта такі інструмент, як кувадла. Яна прабівае ўсё, што прабіваецца. Зрабіў ты гэтую рэкламу з густам, без густу — гэта кувадла. А сэксізм — больш тонкі інструмент. Тут настолькі лёгка трапіць у безгустоўнасць, што практычна заўжды так і адбываецца".