У Венесуэле перавялі гадзіннікі дзеля эканоміі электрычнасці

У Венесуэле перавялі гадзіннікі дзеля эканоміі электрычнасці

У Венесуэле пераводзяць гадзіннікі на паўгадзіны наперад дзеля эканоміі электрычнасці. Адпаведны загад выдаў прэзідэнт краіны Нікалас Мадура. Перавод гадзіннікаў быў анансаваны яшчэ ў сярэдзіне красавіка, інфармуе Бі-Бі-Сі.

Улады заявілі, што такая мера павінна скараціць спажыванне электрычнасці ў цёмны час сутак. Начное выкарыстанне кандыцыянераў і асвятлення, нібыта, сталі адной з самых буйных крыніц расходу энергіі.

Венесуэла цяпер перажывае глыбокі энергетычны крызіс, выкліканы працяглай засухай. У выніку засухі гідраэлектрастанцыі краіны не могуць працаваць на поўную магутнасць.

Венесуэла мае вялікія запасы нафты, але вялікую частку электраэнергіі атрымоўвае ад ГЭС. Напрыканцы красавіка ў краіне пачаліся штодзённыя адключэнні электрычнасці.

Дарэчы, падобны энергетычны крызіс з-за засухі ўжо здараўся ў краіне — у 2010 годзе. Тагачасны прэзідэнт Уга Чавес быў вымушаны нават увесці надзвычайнае становішча.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі