Вы тут

У Вашынгтоне пракаментавалі пагрозы страляць па пратэстоўцах у Беларусі

Затрыманыя падчас акцыі пратэсту ў Мінску / BelaPAN via REUTERS

У Вашынгтоне пракаментавалі пагрозы з боку ўлады ў Беларусі страляць па пратэстоўцах баявымі патронамі. "Голас Амерыкі" прыводзіць заяву старшыні Камітэту замежных спраў Палаты прадстаўнікоў ЗША Эліёта Энгела і высокапастаўленага члена камітэту Майкла Макола.

"Пагроза рэжыму Лукашэнкі ўжыць смертаносную сілу супраць адважных жанчын і мужчын, што мірна пратэстуюць у Беларусі, цалкам непрымальная, — гаворыцца ў заяве. — У дадатак да выкарыстання святлошумавых гранат і вадамётаў, практыкі катаванняў і масавых затрыманняў, пераход [беларускімі сілавікамі] да выкарыстання баявых патронаў у якасці спосабу ўтрымацца ва ўладзе толькі падкрэсліць нелегітымнасць [Аляксандра] Лукашэнкі ў вачах беларускага народу і тых, хто назірае за тым, што адбываецца".

Прадстаўнікі Камітэту замежных спраў Палаты прадстаўнікоў ЗША маюць намер дамагчыся, "каб вінаватыя ў гвалце і абуральных парушэннях правоў чалавека ў Беларусі не засталіся беспакаранымі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.