У Варшаве адбылося развітанне з гісторыкам Юрыем Туронкам (фота)

У Варшаве адбылося развітанне з гісторыкам Юрыем Туронкам (фота)

У Варшаве адбылося развітанне з гісторыкам Юрыем Туронкам. Паніхіда прайшла ў грэка-каталіцкай царкве айцоў базыльянаў. На літургіі, якую служыў архімандрыт Сяргей Гаек, прысутнічалі тры святары з Беларусі. 

Пахавалі Юрыя Туронка на праваслаўных могілках у Варшаве. 

Як паведамлялася раней, вядомы беларускі гісторык памёр 2 студзеня на 90-м годзе жыцця. Юры Туронак — даследчык беларускага нацыянальнага руху ў першай палове ХХ стагоддзя, пераважна — падчас Другой сусветнай вайны. 

Юры Туронак увайшоў у нацыянальнаю гісторыю, у першую чаргу дзякуючы яго працы «Беларусь пад нямецкай акупацыяй», якая праліла свет на гістарычную праўду. 

Не будзе перабольшваннем сказаць, што Юры Туронак з'яўляецца патрыярхам беларускай нацыянальнай гісторыі, кажа ў каментары Еўрарадыё гісторык Алена Глагоўская.

Глагоўская: "Юры Туронак напісаў сваю кнігу "Беларусь пад нямецкай акупацыяй" як адказ на ідэалагізацыю Другой сусветнай вайны. Ён казаў: "Я ж памятаю, як было". Гэта не толькі патрыярх беларускай нацыянальнай гісторыі, але і патрыярх Беларусі. Гэта постаць, якая павінна ўпісацца ў гісторыю, не толькі таму, што быў гісторыкам. Туронак — прыклад, якім павінны быць сапраўдны беларус. Асоба Юрыя Туронка для мяне зʼяўляецца мерай беларускасці".

Туронак быў не толькі выбітным гісторыкам, але і грамадскім дзеячам, які гуртаваў і выхоўваў беларусаў Польшчы, узгадвае гісторык і дзеяч "Салідарнасці" Алег Латышонак: "Юрку Туронка ўзгадваюць як гісторыка, але ён быў актыўным беларусам, які ў час камунізму кіраваў Варшаўскім аддзяленнем "Беларускага грамадска-культурнага таварыства". А калі ў 80-я гады зʼявілася маладое пакаленне беларусаў, якія былі антыкамуністычна настроеныя і думалі так, як ён вучыў — патрыятычна, па-беларуску, Юры Туронак акрыяў. Актыўна сустракаўся з моладдзю, ладзіліся яго лекцыі, ездзіў з намі на гістарычныя рэйды. Таму для нас запомніўся ён больш як лідар, чым гісторык".

Развітацца з Юрыем Туронкам ў грэка-каталіцкую царкву ў Варшаве прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек, пры чым прыехалі беларусы і з Беларусі, і з Беласточчыны. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі