У Тбілісі пры паводцы драпежнікі збеглі з заапарку (фота, відэа)

У грузінскай сталіцы шматгадзінная залева выклікала вялізную паводку. З берагоў выйшла рака Вера, якая змыла дзясяткі дамоў і машын.

Як перадае Радыё "Свабода", затопленыя двары і першыя паверхі больш за сотні прыватных дамоў, шэраг падземных пераходаў і плошчаў, пашкоджаныя ўчасткі аўтадарог, лініі электраперадачы і аб’екты інфраструктуры.

Па розных звестках, ад васьмі да адзінаццаці чалавек лічацца загінулымі, яшчэ некалькі — зніклі без вестак, дзясяткі сем’яў засталіся без прытулку.

Стыхія затапіла частку Тбіліскага заапарку. Загінулі некаторыя жывёлы, іншыя збеглі з вальераў. У ліку збеглых называюцца шэсць тыграў, шэсць ільвоў, сем мядзведзяў і 13 ваўкоў. Грузінская паліцыя рэкамендавала жыхарам горада не выходзіць з дамоў, каб не стаць ахвярай драпежнікаў. Частку звяроў усыпілі і вярнулі ў заапарк, некаторых давялося застрэліць.

Як перадае РБК, 6 ваўкоў застрэлілі на тэрыторыі рэспубліканскай лякарні. Відавочцы паведамілі, што былі забітыя таксама два львы, адзін тыгр.

Фота — Reuters, InterPress News, cbw.ge, instagram@06170611

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі