Вы тут

У Пуціна пацвердзілі сустрэчу з Лукашэнкам пра "далейшае развіццё інтэграцыі"

Падчас сустрэчы ў Маскве Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна / kremlin.ru

У Маскве пацвердзілі запланаваную сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Раней звесткі пра яе з'явіліся ў СМІ ("Коммерсант" спасылаўся на свае крыніцы ў Маскве і Мінску), анансавалася яна 9 траўня і прэс-службай беларускага кіраўніка. Цяпер жа прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў заявіў, што сустрэча Лукашэнкі і Пуціна мусіць прайсці ў канцы траўня, праходзіць яе падрыхтоўка.

"Прынамсі, яна рыхтуецца, урад працуе па выкананні раней дадзеных даручэнняў кіраўнікамі дзяржаў па выніках папярэдніх зносін,цытуе словы Пяскова ТАСС. — Сапраўды, у рамках ўсяго комплексу двухбаковых адносін нашых краін ішла гаворка і аб далейшым развіцці інтэграцыйных працэсаў".

Сёлета кіраўнікі Беларусі і Расіі сустракаліся ўжо двойчы. Падчас сустрэчы 22 красавіка ў Маскве Лукашэнка заявіў, што рашэнні па паглыбленні інтэграцыі Беларусі і Расіі "будуць фармалізаваныя восенню".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.