У пракуратуры РБ расказалі пра самы буйны хабар, які ўдалося выявіць

Ігар Грэйба / скрыншот відэа @dompressy_by
Ігар Грэйба / скрыншот відэа @dompressy_by

Беларускія следчыя выявілі факт перадачы хабару ў мільён долараў. Гэтае незаконнае грашовае ўзнагароджанне стала самым буйным у 2022 годзе. Пра гэта расказаў на прэс-канферэнцыі Ігар Грэйба, начальнік упраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генеральнай пракуратуры Беларусі. Каму прызначаліся грошы і хто іх перадаваў, Грэйба не ўдакладніў. Расказаў толькі, што гэта адчувальна больш, чым сумы, якія да гэтага часу былі на слыху.

"Памятаю гадоў 5-7 таму фігураваў хабар звыш 1 мільёна рублёў, але ён не быў атрыманы, бо праваахоўныя органы на стадыі атрымання паспелі спыніць", — расказаў прадстаўнік Генпракуратуры.

Грэйба таксама адзначыў, што сёлета следчыя выявілі адчувальна больш карупцыйных злачынстваў (на 35%), чым летась. Аднак, паводле яго словаў, гэта не значыць, што карупцыі ў сістэме стала больш. Гэта сведчыць толькі пра "павышэнне эфектыўнасці выяўлення такіх злачынстваў".

Асобна ён спыніўся на карупцыі ў медыцынскай сферы. Расказаў пра практыку фармкампаній падкупляць медыкаў. Грошы дактарам перадавалі нібыта за лекцыі, з якімі яны выступалі. Але па факце лекцый не было, а грошы медыкі атрымлівалі за тое, што рэкамендавалі пэўныя прэпараты кампаніі. Грэйба сцвярджае, што было выяўлена больш за 50 такіх і падобных выпадкаў. Медработнікі атрымалі агулам звыш 400 тысяч рублёў. Распачата сем крымінальных справаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі