Вы тут

У Палескім радыяцыйным запаведніку пабудуюць каняферму, цэх па перапрацоўцы рыбы

Коні на каняферме ў Палескім запаведніку / Гомельская праўда

У Палескім радыяцыйным запаведніку плануецца запусціць некалькі новых вытворчасцяў. Гаворка ідзе пра каняферму, дрэваапрацоўчы цэх і цэх па перапрацоўцы рыбы. На гэтыя мэты з бюджэту будзе вылучана 2,1 млн рублёў.

Каняферма на 200 галоў з'явіцца ў вёсцы Варацец Хойніцкага раёна, за 40 км ад Чарнобыльскай АЭС. Цэх па перапрацоўцы рыбы будзе рэканструяваны ў саміх Хойніках (55 км ад ЧАЭС). А ў Нароўлі (60 км ад ЧАЭС) будзе створана новая дрэваапрацоўчая вытворчасць.

У 2018 годзе Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, якім карэктуецца дапушчальная дзейнасць на тэрыторыі запаведніка. Цяпер рака Прыпяць, якая знаходзіцца ў яго межах, аднесена да рыбалоўных угоддзяў. Там можна займацца прамысловым рыбалоўствам.

"Цяпер пачынаем практыкаваць рыбалку на рацэ Прыпяць. Там жа і сом, і плотка, і шчупак, і лешч. Лавіць можна будзе ўсіх. Што да радыяцыі, то адкрытыя вадаёмы, праточныя — праходзяць па ўсіх нормах", — раней расказваў Еўрарадыё першы намеснік дырэктара Палескага радыяцыйнага запаведніка Генадзь Гапоненка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.