У Нямеччыне перавыдадуць Mein Kampf Гітлера

У Нямеччыне перавыдадуць Mein Kampf Гітлера

Мюнхенскі Інстытут сучаснай гісторыі ў студзені 2016 года перавыдадзе праграмную працу Адольфа Гітлера Mein Kampf (“Мая барацьба”), якая не публікавалася ў Нямеччыне з часоў Другой сусветнай вайны.

Працу надрукуюць у двух тамах агульным аб’ёмам амаль у дзве тысячы старонак. Гэты двухтомнік будзе каштаваць 59 еўра, а яго наклад складзе ад 3,5 да 4 тысяч асобнікаў.

Як абяцае выдавец, арыгінальны тэкст будзе суправаджацца пашыранымі крытычнымі каментарамі, бо праца вылучаецца яскрава выражаным антысемітызмам. Апроч таго, выдавец мяркуе, што многія словы і выразы ў працы Гітлера будуць незразумелыя сучаснаму чытачу.

Навіну пра перавыданне Mein Kampf негатыўна ўспрынялі габрэйскія супольнасці, якія назвалі кнігу небяспечнай. Аднак прадстаўнікі Інстытута сучаснай гісторыі заяўляюць, што публікуюць гэтую працу, каб развеяць міфы, якія склаліся вакол яе і паказаць няздатнасць яе тэзісаў.

Раней перавыдаць Mein Kampf планавала французскае выдавецтва Fayard — яно таксама плануе суправадзіць тэкст крытычным аналізам.

Правы на перавыданне сачынення Гітлера належаць ураду федэральнай зямлі Баварыі. Апошнія 70 гадоў мясцовыя ўлады катэгарычна адмаўляліся даваць дазвол на публікацыю працы з павагі да ахвяраў нацызму. Але 1 студзеня 2016 года тэрмін аховы аўтарскіх правоў на твор скончыцца, і яго змогуць апублікаваць усе ахвотныя.

Кніга Mein Kampf была напісаная Гітлерам падчас турэмнага зняволення ў 1920-я гады. Яна ўяўляе сабой аўтабіяграфічную працы, але пры гэтым фармулюе і прапагандуе ідэі нацыянал-сацыялізму, паведамляе ВВС.

Фота: computerra.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі