Вы тут

У Наваполацку мянялі ліфт і спалілі тэхніку ў пад’ездзе: хто будзе плаціць?

Яндэкс.Карты

Праз скачок напружання ў цэлым пад’ездзе шматпавярховіка ў Наваполацку згарэла бытавая тэхніка. Гэта адбылося 30 траўня: рабочыя замянялі ў пад’ездзе ліфт і выпадкова падалі ў сетку 380 В напружання. З прыбораў і разетак пайшоў дым, у некаторых кватэрах пагарэлі пральныя машыны, тэлевізары, халадзільнікі.  

Датэлефанавацца да жыхароў дома зараз амаль немагчыма — у большасці кватэр тэлефоны не працуюць. Тыя, каму пашчасціла, распавялі Еўрарадыё, што святла 30 траўня не было амаль цэлы дзень.  

“Знікла электрычнасць, адбыліся скачкі напружання, — кажуць новапалачане. — Асабіста ў мяне ўсё нармальна з прыборамі. І ноўтбук, і тэлефоны працуюць. Але ў суседзяў праблемы”.

Людзі патрабуюць тлумачэнняў і кампенсацыі ад арганізацыі, якая займалася заменай ліфта.

“Трэба разбірацца не ў аднабаковым парадку”

У “Наваполацкай кіруючай кампаніі”, якая рабіла рамонт, Еўрарадыё распавялі, што цяпер ідзе разбор і шукаюць вінаватага.

“Былі планавыя работы па замене ліфтаў, — кажа інжынер прадпрыемства Дзмітрый Бурдакоў. — Адбылася аварыйная сітуацыя. Трэба разбірацца не ў аднабаковым парадку. Тут яшчэ ёсць эксплуатуючая арганізацыя ЖЭС, у якой на балансе былі электрасеткі. Сказаць адназначна, чыя віна, складана. Прычыны шукаем, заключэння пакуль няма. Адназначна жыхарам будзе кампенсацыя. Людзі няхай не перажываюць, ніхто пра іх не забыў. Па маіх даных, каля 10 кватэр пацярпелі”.  

У ЖЭС № 5 падцвердзілі, што адбылася пазаштатная сітуацыя. Хто будзе кампенсаваць шкоду жыхарам, пакуль не ведаюць.

“У адным месцы не заціснулі кабель, а ў іншым пераціснулі, — распавёў Еўрарадыё вядучы інжынер ЖЭС № 5 Мікалай Арлоў. — Праз гэта адбыўся скачок напружання. Цяпер усё выправілі. Калі далі святло, дык людзі глядзелі тэхніку. Нешта запрацавала, а нешта не. Будзе працаваць камісія, якая высветліць, хто будзе кампенсаваць шкоду”.

Зварот жыхароў дома

Па словах інжынера, ад аварыйнай сітуацыі бытавая тэхніка зламалася ў 6 кватэрах.

“Адказваць будзе ЖЭС”

Каб даведацца, што рабіць жыхарам дома ў Наваполацку і як не застацца без кампенсацыі, Еўрарадыё звярнулася ў таварыства абароны правоў спажыўцоў “Темида РиАл”.

“У выпадку парушэнняў правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг выканаўца пакрывае нанесеную шкоду і выплачвае няўстойку, — распавёў юрыст “Темида РиАл” Андрэй Леўчанка. — Скачок электрычнасці адлюстоўваецца на цэнтральных станцыях, якія абслугоўваюць горад. Робіцца запыт і атрымліваецца інфмармацыя, што быў скачок напружання. Калі ЖЭС наймаў трэціх асоб для выканання работ, дык адказвае ЖЭС. Жыхары накіроўваюць прэтэнзію і атрымліваюць адказ на працягу 14 дзён”.