У навагоднюю ноч туркменскія студэнты БДЭУ біліся сценка на сценку

У навагоднюю ноч туркменскія студэнты БДЭУ біліся сценка на сценку

У навагоднюю ноч студэнты Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта з Туркменістана зладзілі дэбош. Іх паводзіны разбіралі 3 студзеня на сходзе з удзелам дэкана па працы з замежнымі студэнтамі Наталлі Скрыбы. Яна распавяла, што туркменскія студэнты падзяліліся на дзве групы і ўступілі ў бойку з выкарыстаннем бітаў. Таксама яны ўзрывалі петарды на тэрыторыі інтэрната. Міліцыянты, якія прыехалі, сітуацыю не выправілі — п’яныя туркмены пачалі кідаць петарды і ў іх.

Аўдыёзапіс з гэтага сходу трапіў у рэдакцыю партала “Альтэрнатыўныя навіны Туркменістана”.

“Думаў, вайна пачалася”, — прывёў падчас сходу словы калегі намеснік дэкана факультэта права Яўген Астапаў.

Прарэктар па выхаваўчай працы ўніверсітэту Сяргей Скрыба заклікаў студэнтаў да адказнасці.

“Я не ведаю, чым скончацца два выпадкі: адзін выпадак — бойка, другі — кінутая [у людзей] пры службовым выкананні петарда — яны былі з аўтаматамі. Магло адбыцца ўсё, што заўгодна, — заявіў Скрыба. — Мы ўсе хочам, каб усе вы паехалі з добрай рэпутацыяй”.

У навагоднюю ноч туркменскія студэнты БДЭУ біліся сценка на сценку
Інтэрнат №5, дзе адбылася бойка. Фота: habartm.org

Намеснік дэкана па працы з замежнымі навучэнцамі Алена Каляда сказала, што ніводнаму беларусу і ў галаву не прыйшло б кідаць петарды з вокнаў:

“Да гэтага маглі дадумацца толькі вы [туркмены]… Кідаць петарды [з акна] — гэта кажа аб вашых разумовых здольнасцях”.

Наталля Скрыба: “Хто прыйшоў не зусім у нармальным стане, трэба разумець — дайсці да [свайго] пакоя і легчы [спаць]. Праз некалькіх парушальнікаў уражанне складаецца аб усёй нацыі ў цэлым”.

Прадстаўнікі адміністрацыі навучальнай установы кажуць, што не аднойчы бывалі ў Туркменістане, мелі зносіны з рознымі людзьмі, у тым ліку і з бацькамі студэнтаў, але там назіралі зусім іншую ментальнасць.

“Які сабака вас кусае, калі вы сюды прыязджаеце?! Чаму вы мяняецеся дыяметральна процілегла?! Там вы іншыя, а тут вы… Што адбываецца? Воля? Свабода? Яшчэ нешта? Да кожнага з вас міліцыянта ці выхавацеля не прыставіш”, — дадаў Яўген Астапаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі