У МЗС Расіі выклікалі беларускага пасла Уладзіміра Сямашку

У МЗС Расіі выклікалі беларускага пасла Уладзіміра Сямашку

3 жніўня ў МЗС Расіі запрашалі беларускага пасла Уладзіміра Сямашку. Як паведамляе прэс-служба расійскага знешнепалітычнага ведамства, гаворка ішла пра затрыманых у Беларусі 33 расійскіх грамадзян. Беларускі бок назваў іх "баевікамі", якія павінны былі "дэстабілізаваць сітуацыю" ў нашай краіне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Масква гэта абвяргае, сцвярджаецца, што гэтыя людзі планавалі праз Беларусь транзітам дабрацца на працу ў іншую краіну.

З Сямашкам размаўляў намеснік міністра замежных спраў РФ Андрэй Рудэнка. Ён заявіў, што арышт расіян адбыўся па "надуманай падставе" і "не адпавядае духу брацкіх саюзніцкіх адносін паміж дзвюма краінамі і народамі". Падкрэсліваецца, што Расія не збіраецца ўмешвацца "ва ўнутраныя працэсы" "бліжэйшага сябра і саюзніка" Беларусі.

Беларускаму паслу паведамілі, што Масква настойвае "на аб'ектыўным расследаванні" беларускім бокам "у цесным узаемадзеянні з расейскімі калегамі ўсіх абставінаў здарэння і хутчэйшым вызваленні затрыманых расійскіх грамадзян".

Згаданыя расійскія грамадзяне знаходзяцца за кратамі з 29 ліпеня. Консул расійскага пасольства ў Беларусі Кірыл Плятнёў з імі сустрэўся і заявіў, што яго суайчыннікі "знаходзяцца ў не самай лепшай маральна-псіхалагічнай форме". Яны не разумеюць, "чаму ім інкрымінуюць сувязь з апазіцыйнымі лідарамі Беларусі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі