Вы тут

МЗС Беларусі выклікаў літоўскага дыпламата праз сарваную здзелку па газаправодзе

tts.lt

26 ліпеня ў МЗС Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Літвы Данатаса Аўгуліса. Яму заяўлены пратэст. Як інфармуе прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства, літоўскі ўрад умяшаўся ў камерцыйную здзелку, у якой удзельнічала кампанія з Беларусі.

Прычынай літоўскі бок назваў "неадпаведнасць інтарэсам нацыянальнай бяспекі". У МЗС нашай краіны гэтую прычыну лічаць надуманай. Адзначаецца, што беларускі суб'ект гаспадарання цалкам задавальняў усім патрабаванням і прапаноўваў найбольш выгадныя ўмовы. Аднак дзеянні ўраду Літвы фактычна выключылі кампанію з праекта.

"Аргументы, прыведзеныя літоўскім бокам у абгрунтаванне прынятага рашэння, з'яўляюцца адкрыта недружалюбнымі і ствараюць небяспечны прэцэдэнт палітызацыі двухбаковага ўзаемадзеяння ў эканамічнай сферы, — гаворыцца ў заяве МЗС Беларусі. — Такія дзеянні літоўскага боку грунтуюцца на памылковым меркаванні і наносяць відавочную шкоду гандлёва-эканамічным адносінам дзвюх краін".

У амбасадзе Літвы Еўрарадыё расказалі, што прычынай дыпламатычнага інцыдэнту стала здзелка, якая планавалася паміж літоўскай кампаніяй KPS і беларускім "Белтрубаправодбудам". "Мы будзем разглядаць гэтае пытанне і рэагаваць у рабочым парадку, як належыць", — пракаментаваў сітуацыю Данатас Аўгуліс.

Данатас Аўгуліс / www.diena.lt

Беларуская кампанія хацела ўдзельнічаць у будаўніцтве 165-кіламетровага ўчастка газаправода паміж Літвой і Польшчай. Прапанаваная цана сапраўды была самай нізкай — 75 мільёнаў еўра. Аднак тут сваё слова сказаў Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы, які і заявіў пра "неадпаведнасць інтарэсам нацыянальнай бяспекі". Адпаведны дакумент быў дасланы ў тэндарную камісію, і беларусаў не дапусцілі. І гэта нягледзячы на тое, што "Белтрубаправодбуд" ужо праводзіў пэўныя падрыхтоўчыя працы і патраціў грошы. У выніку ў жніўні ў тэндары паўдзельнічаюць кампаніі з Літвы, Грэцыі і Іспаніі.