Вы тут

У МЗС Беларусі адказалі на заклік краін G7 правесці новыя выбары

МЗС Беларусі / БЕЛТА

У МЗС Беларусі адказалі на заклік краін G7 правесці новыя выбары і вызваліць палітвязняў. "Гэта стандартны набор заезджаных клішэ", — заявіў прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Анатоль Глаз. Паводле яго слоў, падобныя фармулёўкі вандруюць з заявы ў заяву, а іх аўтары не разумеюць і не жадаюць разумець сітуацыю ў нашай краіне. Ён заявіў пра іх "антыбеларускую ангажаванасць". Глаз таксама нагадаў, што "любое ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаваў супярэчыць асноватворным нормам і прынцыпам міжнароднага права".

"Мы суверэнная дзяржава, таму мы самі будзем вырашаць, калі і якія электаральныя кампаніі праводзіць у сваёй краіне, — працягвае Анатоль Глаз. — Для гэтага нам не патрэбныя ніякія заклікі, пануканні або ўказанні звонку".

У G7 уваходзяць Вялікабрытанія, Германія, Італія, Канада, Францыя, Японія і ЗША. Яны заклікалі "рэжым [Лукашэнкі] правесці новыя, свабодныя і сумленныя выбары пад міжнародным наглядам". Захад па-ранейшаму не прызнае вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і лічыць Аляксандра Лукашэнку нелегітымным кіраўніком.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.