У Мінску зноў абмяркоўваюць забудову на Васняцова-Тухачэўскага

У Мінску выносяць на грамадскае абмеркаванне адкарэктаваны праект дэтальнага планавання тэрыторыі ў межах вуліцаў Васняцова, Тухачэўскага і канала Сляпянскай воднай сістэмы. Як паведамляе адміністрацыя Заводскага раёна, абмеркаванне пройдзе з 9 ліпеня па 2 жніўня ў будынку адміністрацыі.

У дакуменце ўдакладняецца мяжа прылеглай ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны, вызначаныя межы жылой шматкватэрнай шматпавярховай забудовы сярэдняй шчыльнасці, а таксама аб’ектаў грамадскага прызначэння, інжынерна-транспратнай інфраструктуры, азелянёныя ўчасткі, стаянкі і паркоўкі.

Плошча тэрыторыі складзе 2,5 га і дасць прырост жылога фонду на 7,9 тысячы квадратных метраў (132 кватэры). Як адзначаецца ў паведамленні раённай адміністрацыі, складанасці ў засваенні тэрыторыі звязаныя са зносам ужо існуючай сядзібнай забудовы, планіровачным абмежаваннем для новага аб’екта і астраўным размяшчэннем пляцовак.

Прэзентацыя матэрыялаў адбудзецца 11 ліпеня ў 18.00 у сярэдняй школе №92 (вуліца Сурыкава, 21).

Жыхары Заводскага раёна ўжо не першы год супрацьстаяць уладам у іх жаданні ўзвесці 19-павярховік непадалёк ад Сляпянскага канала. Яшчэ ў 2014 годзе будаўнічыя працы тут прыпыняліся, бо пракуратура на той момант выявіла парушэнні ў горадабудаўнічым заканадаўстве. Цяпер з’явіўся адкарэктаваны праект забудовы са зносам прыватнага сектара.