У Мінску заявілі, што беларускіх памежнікаў на мяжы з Расіяй няма

Беларускіх памежнікаў на мяжы з Расіяй няма, як няма і памежнай зоны. Пра гэта РІА "Новости" заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Антон Бычкоўскі. Паводле яго слоў, на мяжы з Расіяй створаны ўмовы для забеспячэння памежнай бяспекі.

Як паведамляла Еўрарадыё, у сераду стала вядома, што расіянамі на мяжы з Беларуссю ўводзіцца рэжым памежнай зоны. Адпаведны загад падпісаў кіраўнік ФСБ РФ Аляксандр Бортнікаў (цалкам дакумент можна пабачыць тут), ён набывае сілу з 7 лютага. На мяжы з нашай краінай з'явяцца "папераджальныя знакі". У Маскве патлумачылі неабходнасць такіх дзеянняў найперш стварэннем "неабходных умоваў аховы" дзяржаўнай мяжы на расійска-беларускім участку.

Пакуль невядома, ці звязана з'яўленне загаду кіраўніка ФСБ Расіі з тым, што наша краіна з 12 лютага ўводзіць пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін пры ўездзе замежнікаў праз Нацыянальны аэрапорт Мінск.