У Мінску затрымалі хабарніка, які зарабляў на тэхаглядзе аўтамабіляў
![У Мінску затрымалі хабарніка, які зарабляў на тэхаглядзе аўтамабіляў](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/000024_249445_big.jpg.webp?itok=ZMi5qr1A)
У Мінску затрымалі хабарніка, які зарабляў на тэхаглядзе аўтамабіляў. Незаконныя паслугі службовай асобы каштавалі 30 долараў. За гэтыя грошы ён дапамагаў прайсці тэхагляд тым кіроўцам, у каго не было даведкі пра стан здароўя, альбо ў каго ў машынах былі тэхнічныя няспраўнасці.
Таксама зламыснік прапаноўваў сваім кліентам не аплочваць пошліны за карыстанне аўтадарогамі праз банк, а перадаваць яму (сумы складалі ад 700 тысяч да 3,5 мільёна рублёў). Кіроўцам ён выдаваў фіктыўныя квітанцыі, а грошы пакідаў сабе.
Як адзначае прэс-афіцэр Мінскага РУУС Юлія Лобач, супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі маюць інфармацыю пра 65 выпадкаў супрацьпраўнай дзейнасці мужчыны ды пра 45 ягоных кліентаў. Незаконная дзейнасць працягвалася каля года. Па факце хабарніцтва ў адносінах службовай асобы распачалі крымінальную справу. Мінчуку пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.