У Мінску затрымалі 28 маладафронтаўцаў

4 лютага ў Мінску спецназ затрымаў 28 сяброў незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт». На здымнай кватэры праходзіла паседжанне актыва з усёй краіны. Вось што распавёў «Еўрапейскаму радыё для Беларусі» па тэлефоне з Савецкага РАУС Зміцер Хведарук:

«Сёння ў нас адбывалася Цэнтральная рада. Падчас яе правядзення ў 16.01 у хату ўварваліся спецназаўцы і супрацоўнікі КДБ. Паставілі ўсіх тварамі да сцяны, абшукалі, правялі ператрус. Усіх нас вывелі па два чалавекі і запхнулі ў аўтобус, даставілі ў аддзяленне Савецкага РАУС, дзе мы зараз і знаходзімся.

Нас тут 25 чалавек. Як нам патлумачылі, ператрус правялі на падставе крымінальнага пераследу незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт». Сказалі, што нашая дзейнасць недазволеная. Зараз складаюць пратаколы».

Паводле некаторых звестак, паседжанне Цэнтральнай рады «Маладога фронту» было прысвечана будучай акцыі на Дзень святога Валянціна. Планавалася, што ўвечары 14 лютага на мінскай плошчы Свабоды збяруцца маладыя людзі, каб адзначыць гэтае свята.

Дзеянні спецназу можна патлумачыць жаданнем сарваць падрыхтоўку вулічнай моладзевай акцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі