У Мінску выносяць прысуды ўдзельнікам акцый пратэсту

У панядзелак, 27 сакавіка, у Мінску праходзяць суды над людзьмі, затрыманымі ў суботу і нядзелю падчас вулічных акцый. Ужо вынесены шэраг прысудаў, сярод асуджаных ёсць замежнікі.

У Ленінскім судзе на 15 сутак арышту асуджаны ўкраінец Руслан Цярэшчанка, Антон Чарняк атрымаў 12 сутак. Максім Кавалёў, Сяргей Міхлянкоў, Арцём Ліннік атрымалі штраф — 30 базавых (690 рублёў).

Кастрычніцкі суд асудзіў на 12 сутак расіяніна Аляксея Паліховіча. Маскоўскі суд асудзіў на 13 сутак расіянку Вольгу Рошчыну.

Таксама вядома, што на 10 сутак асуджана вядомая актывістка Вольга Мікалайчык. Журналіст Раман Пратасевіч асуджаны таксама на 10 сутак (Ленінскі суд). У тым жа Ленінскім судзе атрымалі штраф (20 базавых) Крысціян Шынкевіч і Сяргей Дарычаў. Шынкевіча судзілі за тое, што ён, нібыта, нецэнзурна лаяўся, аднак сведкі не змаглі патлумачыць, як ён быў апрануты і як "лаяўся".

У Кастрычніцкім судзе Аляксандр Курэц атрымаў 10 сутак арышту. У судзе Савецкага раёна 25 сутак арышту атрымаў таксіст і грамадскі актывіст Леанід Кулакоў.