У Мінску сёлета плануюць адрамантаваць 90 супрацьрадыяцыйных сховішчаў

Сховішча, ілюстрацыйнае фота

Сховішча, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У 2024 годзе мінскія ўлады плануюць адрамантаваць 90 супрацьрадыяцыйных (СРС) і 23 звычайныя сховішчы. Гэта вынікае з "Плана правядзення рамонтаў ахоўных збудаванняў грамадзянскай абароны г. Мінска ў 2024 г.”, які падпісаў старшыні Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў. Дакумент здабылі супрацоўнікі аб’яднання былых сілавікоў BelPol і перадалі "Позірку".

Найбольшая колькасць СРС, якія трэба адрамантаваць, размяшчаецца ў Партызанскім, Ленінскім і Цэнтральным раёнах сталіцы — 23, 20 і 18 адпаведна. У першым квартале мяркуюць адрамантаваць 8 СРС, у другім — 33, трэцім — 30, чацвёртым — 18. Тэрмін рамонту яшчэ аднаго сховішча не пазначаны.

У 2015 годзе ў інтэрв’ю агенцтву “Мінск-Навіны” прадстаўнік сталічнага ўпраўлення МНС казаў, што ў сталіцы "ў дзеючым стане знаходзяцца больш за 1000 ахоўных збудаванняў". Самыя надзейныя размяшчаюцца, як правіла, на тэрыторыі прадпрыемстваў, якія павінны працаваць і ў ваенны час. "Найбольш буйныя ахоўныя збудаванні знаходзяцца на балансе МАЗа. Адно з іх можа змясціць амаль 4000 чалавек. Самае старое — супрацьрадыяцыйнае сховішча, размешчанае ў будынку сярэдняй школы №19", — казаў прадстаўнік МНС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі