Вы тут

У Мінску пракаментавалі увядзенне ліцэнзавання ўкраінскага імпарту

Аляксандр Гур'янаў / БЕЛТА

У Мінску пракаментавалі увядзенне ліцэнзавання на шэраг тавараў з Украіны. Беларускі ўрад прыняў адпаведную пастанову, але яна яшчэ не апублікаваная і не пачала дзейнічаць. Украінскі бок паведаміў, якія тавары падлягаюць індывідуальнаму ліцэнзаванню: кандытарскія вырабы, шакалад, сокі, піва, пліты ДСП і ДВП, керамічная плітка, цэгла, шпалеры, туалетная папера і ўпакоўка, шкляныя ампулы, сельгастэхніка для пасеву, пральныя машыны і мэбля.

З'явіўся каментар першага намесніка міністра замежных спраў Аляксандра Гур'янава. Ён спрабуе патлумачыць прычыны такога рашэння беларускага ўраду. Яно выклікана тым, што ў Мінску перакананыя: "Украіна апошнім часам сістэматычна парушае рэжым свабоднага гандлю". Гур'янаў згадвае "восем антыдэмпінгавых і спецабарончых мер Украіны". Мінск прапаноўваў Кіеву правесці кансультацыі, але ўкраінскі бок не адказваў. І тады ўлады Беларусі вырашылі прыняць меры, "якія дэ-факта абмяжоўваюць імпарт з Украіны шляхам увядзення дадатковага кантролю, прычым на часовай аснове" (на паўгода).

Заяўляецца, што ў Мінску "гатовыя да перамоваў у любы момант" і "цалкам... вярнуць у поўным аб'ёме рэжым свабоднага гандлю". Але толькі тады, калі Украіна "перагледзіць тыя меры, якія былі прыняты ў дачыненні прадукцыі беларускага боку".

Аляксандр Гур'янаў падкрэслівае, што рашэнне ўраду "не звязана з бягучым абвастрэннем... адносін, з авіяцыйнымі пытаннямі і г. д.". Пастанова з'явілася пасля рашэння ўладаў Украіны спыніць авіяспалучэнне з нашай краінай і адмовіцца ад набыцця электрычнасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.