У Мінску пачнуць судзіць жанчыну, якая выкінула ў акно 3-гадовага сына

Прызначаная дата суда над 34-гадовай мінчанкай, якая 28 студзеня выкінула з акна 12-га паверху свайго трохгадовага сына. Крымінальную справу 25 траўня пачне разглядаць Мінскі гарадскі суд, інфармуе БЕЛТА.

Як паведамляла Еўрарадыё, трагічнае здарэнне адбылося ў адным з дамоў па вуліцы Адзінцова. Мінчанка вырашыла здзейсніць суіцыд разам з маленькім сынам, выкінула дзіця з акна кватэры, але сама скакаць перадумала. Хлопчык упаў на казырок пад’езда і пазней памёр у рэанімацыі.

Жанчыне выставілі абвінавачанне па артыкуле 139 КК (п. 2 ч. 2 "забойства заведама малалетняга, які знаходзіцца ў бездапаможным стане"). Ёй пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 8 да 25 гадоў, ці пажыццёвае зняволенне, ці смяротнае пакаранне.

Следства высветліла, што жанчына збіралася звесці рахункі з жыццём з-за неўладкаванага асабістага жыцця і цяжкага матэрыяльнага становішча (яна мусіла аддаць грашовую пазыку). Зрабіць гэта яна збіралася з сынам, якога не хацела пакідаць аднаго. Перад спробай суіцыду жанчына ўжывала алкагольныя напоі. Псіхолага-псіхіятрычная экспертыза засведчыла, што мінчанка не мае псіхічных захворванняў.

Дарэчы, жанчына працавала памочніцай выхавальніка ў дзіцячым садку.

Сёлета ў Брэсце быў вынесены прысуд па справе 20-гадовай жанчыны, якая забіла свайго шасцімесячнага сына. Ёй прызначылі 15 гадоў турмы. 

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі