Вы тут

У Мінску пачалі будаваць кітайскія стадыён і басейн. Навошта гэта Кітаю?

Плануецца, што так будзе выглядаць новы стадыён у Мінску / Мінгарвыканкам

30 чэрвеня ў Мінску афіцыйна пачалося будаўніцтва "кітайскіх падарункаў": новага футбольнага стадыёна і басейна "міжнароднага стандарту". Узвядзенне спартыўных аб'ектаў абыдзецца прыблізна ў $180 млн. Плаціць будзе Кітай. Паўстае лагічнае пытанне: навошта яму гэта трэба? Бо кітайцы грошай на вецер не кідаюць!

"Стадыённая дыпламатыя"

Беларусь — далёка не першая дзяржава, якая атрымала ў дар ад Кітая футбольны стадыён. За апошнія 50 гадоў КНР пабудавала ў краінах трэцяга свету больш за 60 спартыўных арэн. Гэта з'ява нават атрымала назву — "стадыённая дыпламатыя".

Большасць кітайскіх стадыёнаў размешчана ў Афрыцы. Мэта дарагіх падарункаў у гэтым рэгіёне — атрымаць права на рэалізацыю праектаў па здабычы выкапняў. Напрыклад, пасля пабудовы некалькіх спартыўных аб'ектаў у Анголе Кітай стаў найбуйнейшым сусветным імпарцёрам сырой нафты з гэтай краіны.

Таксама пасля "кітайскіх падарункаў" некаторыя краіны, напрыклад Коста-Рыка, спынялі супрацоўніцтва з Тайванем. Гэта значыць будаўніцтва бясплатных стадыёнаў часцяком суправаджалася палітычнымі і эканамічнымі дамовамі паміж урадамі.

Што Кітай атрымае наўзамен ад Беларусі? Тут усё невідавочна. На прыродныя рэсурсы наша краіна не багатая. Эксперты кажуць, што, хутчэй за ўсё, гэта "іміджавае ўкладанне, якое дапаможа Кітаю змяніць насцярожанае стаўленне да кітайскіх інвестыцый і турыстаў".

Дарэчы, на тэрыторыі нашай краіны ўжо і так рэалізуецца нямала праектаў з удзелам Кітая. Напрыклад, аўтамабільны завод "БелДжы", індустрыяльны парк "Вялікі камень", жылы комплекс у Лебядзіным, гатэльна-дзелавы комплекс "Шантэр Хіл", гатэль "Пекін" і іншыя.

"Вялікі камень" / ont.by

Падарункі для Беларусі — адны з самых дарагіх

Нацыянальны футбольны стадыён, які размесціцца на вуліцы Ванеева, і басейн на вуліцы Кальварыйскай абыдуцца Кітаю прыкладна ў 180 мільёнаў долараў. Гэта адзін з самых дарагіх для КНР падарункаў. Спартыўныя арэны ў афрыканскіх краінах каштавалі яму ў асноўным па 60-80 мільёнаў долараў.

Нацыянальны футбольны стадыён разлічаны на 33 тысячы гледачоў. Поле будзе адпавядаць патрабаванням ФІФА, яго памер складзе 105 на 68 метраў. Для догляду натуральнага травянога пакрыцця зробяць сістэму аўтапаліву і падагрэў. Агульная плошча арэны складзе 48 тысяч кв. м, вышыня — 38,6 м.

 

 

Праект кітайскага стадыёна ў Мінску / Мінгарвыканкам

Басейн разлічаны на 6 тысяч месцаў і будзе ўключаць у сябе трыбуну, памяшканні для гледачоў, спартсменаў, а таксама VIP-памяшканне. Агульная плошча забудовы — прыблізна 40 тысяч кв. м.

Праект кітайскага басейна ў Мінску / Мінгарвыканкам

Праектаванне і будаўніцтва стадыёна і басейна — па кітайскіх стандартах, нормах і тэхнічных умовах з выкананнем тэхнічных патрабаванняў і рэкамендацый ФІФА і УЕФА.

Кітайскі каларыт

"Я прасіў Сі Цзіньпіна, свайго сябра, каб ён пабудаваў яго з кітайскім каларытам, каб усе, не толькі беларусы, бачылі, што гэта ўзор сяброўства з кітайскім народам", — заявіў Аляксандр Лукашэнка 17 лістапада 2017 года, калі стала вядома пра планы пабудаваць нацыянальны футбольны стадыён.

Арэны, якія Кітай пабудаваў у іншых краінах, таксама зроблены з кітайскім каларытам? На наш погляд, у асноўным яны не вылучаюцца эксклюзіўным дызайнам.

 

І новы нацыянальны футбольны стадыён, і басейн у Мінску павінны быць дабудаваныя ў 2023 годзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.