У Мінску “МОЖНО!” стане “НУЖНО!”

У Маскве прайшоў Другі Фестываль актуальнай беларускай музыкі "МОЖНО". Наступныя прыпынкі - Санкт-Пецярбург у снежні і Мінск у студзені. Як раней паведамляла Еўрарадыё, 6 лістапада айчынныя музыкі ўсё ж такі дабраліся да сталіцы Расіі, каб выступіць на другім фестывалі актуальнай беларускай музыкі “МОЖНО!” І хоць па дарозе перашкодай стала сапраўдная завіруха, якая фактычна не хацела “выпускаць” аўтобус з роднай зямлі, фестываль пачаўся ў час і прайшоў, як кажуць, на “Ура!”



Першы фестываль “МОЖНО!” прайшоў у Маскве год таму. Тады ў расійскіх СМІ яго назвалі “доўгачаканым прарывам беларускай музыкі на расійскую сцэну”. Не дзіва, што гэтым разам склад удзельнікаў павялічыўся.
Усё музычнае дзеянне праходзіла адначасова на двух паверхах маскоўскага клуба “Ікра”. На верхняй сцэне выступілі (ў храналагічным парадку):

Сяргей Пукст і ягоны “Пукстбэнд”
“Петля Пристрастия”
“НагУаль”
CherryVata
“Аддис Абеба”
“Серебряная свадьба”

Ніжняя сцэна:

RockerJoker
Botanic Project
Port Mone
“Кассиопея”


RockerJoker

Цікава, што арганізатары (агенцтва Аляксандра Багданава “BOpromo”) размеркавалі музыкаў па сцэнах выключна карыстаючыся прынцыпам “па барабане”. То бок на вялікай “верхняй” сцэне выступалі гурты, у складзе якіх прысутнічае барабанная ўстаноўка. Затое на “ніжняй” сцэне (яна крыху меншая за “верхнюю”) музыкі мелі добры бонус у выглядзе дадатковых 15 хвілін выступа.


Сяргей Пукст

На жаль, бракавала часу: ну ўявіце сабе, як можна за 4.5 гадзіны фестывалю “МОЖНО!” ў поўным памеры прадставіць 10 беларускіх каманд? Даводзілася абмяжоўваць артыстаў. Так, напрыклад, на “верхняй” сцэне гурты гралі максімум па 45 хвілін.


CherryVata

Маскоўская публіка вельмі патрабавальная. Таксама з гэтай прычыны арганізатары прынялі рашэнне пра фестывальныя канцэрты адначасова на дзвюх сцэнах. То бок калі на “верхняй” сцэне граў Сяргей Пукст з ягоным арт-панкам, на “ніжняй” запальвалі публіку кабацка-вясельнымі песнямі RockerJocker. Калі ж на адной сцэне гралі рэгі (“Аддис Абеба” ці Botanic Project), на другую выходзілі папулярныя сярод дарослай публікі “Кассиопея” са сваім спец-попам (музыкі, дарэчы, самі прыдумалі сабе стыль, у якім граюць) ці nu-jazz’авыя CherryVata.


"НагYаль"

Дарэчы, новым гучаннем з маскоўскімі выканаўцамі на Фестывалі “МОЖНО!” адзначыліся рэгі-выканаўцы. “Аддис Абеба” запрасіла на сцэну амаль на ўсё сваё выступленне вядомага Герберта “Геру” Маралеса.

 
Герберт "Гера" Маралес

Аднак варта зазначыць, што ўжо сівая легенда расійскай пазітыўнай сцэны неяк няёмка адчувала сябе на сцэне побач з маладым Дзімам Івановым. Таму, шчыра кажучы, маскоўская публіка адчула: у славянскіх паслядоўнікаў Боба Марлі з’яўляецца новы лідэр. Прычым цяпер — з гомельскімі каранямі.


Дзіма Іваноў, "Аддис Абеба"

Прыемна здзівілі і маладзечанскія растаманы Botanic Project. “Пад заслону” яны запрасілі на сцэну заспяваць разам новую песню “Путь” маскоўскага рэгі-выканаўца Ўкуснага (гурт “Каникулы Бонифация”). Масквічы былі як мінімум здзіўленыя. Бо падчас усяго выступу “Расліннага праекту” Ўкусны папросту танчыў каля сцэны.


Botanic Project

Адзіны беларускі гурт, пад які амаль ніхто не танчыў, – Port Mone. Людзі, што набылі квіткі за 20 долараў, папросту расселіся па падлозе і ўдумліва слухалі.


Аляксей Варсоба, гурт Port Mone

Каб зразумець чаму — трэба, безумоўна, паслухаць гэты ўнікальны не толькі для Беларусі праект. Калі нейкія музычныя крытыкі спрабуюць вызначыць стыль, у якім граюць свае п’есы Port Mone, заўжды атрымліваецца нешта несумяшчальнае. Напрыклад, “акустычны эмбіент”… У любым выпадку, вакалу ў гурта няма, а музыка “робіцца” з трох інструментаў: акардэон, джамбі ды бас-гітара.



Напэўна, больш за ўсё людзей адначасова на адным танцполе сабрала ледзь не самая вядомая з усіх удзельнікаў “Серебряная Свадьба”. Варта зазначыць, што гэта быў адзіны гурт, якому арганізатары нават дазволілі на 2 песні “выбіцца” з графіку.


Бенька, гурт "Серебряная Свадьба"



Такім чынам можна канстатаваць, што фестываль актуальнай беларускай музыкі “МОЖНО!” ўжо другі раз адбыўся у Маскве як культурніцкая з’ява і замацаваў заяўленыя ў мінулым годзе пазіцыі. Таму не дзіва, што геаграфія фестывалю пашыраецца: наступны прыпынак — Санкт-Пецярбург 5 снежня. Ужо дамоўлена пра тое,  што піцерскі “МОЖНО!” будзе ў два разы даўжэйшы паводле часу: і для музыкаў, і для наведвальнікаў. Пройдзе ён у Цэнтры сучаснага мастацтва імя С. Курохіна (гэта тое месца, дзе штогод праходзіць вядомы міжнародны альтэрнатыўны фэст SKIF) у ноч з 5 на 6 снежня. А вось на радзіме выступы музыкаў у межах фестывалю “МОЖНО!” арганізатары плануюць зладзіць толькі ў сярэдзіне студзеня. Прычым называцца ён будзе, хутчэй за ўсё, “НУЖНО!”. Як аджартоўваюцца арганізатары, назву будуць змяняць, улічваючы беларускія рэаліі…


Саша Ліберзон, гурт "Кассиопея"

10 лістапада ў прамым эфіры на Еўрарадыё, а 23-й гадзіне ў студыю завітае адзін з арганізатараў фестывалю “МОЖНО!”. На працягу гадзіны будзе весціся размова наконт сапраўднай актуальнасці фестывалю “МОЖНО!”, падбору каманд ды тэндэнцый развіцця айчыннай альтэрнатыўнай сцэны. Задавайце свае пытанні ўжо зараз!

Сувязь са студыяй прамога эфіра:

Skype: dj_euroradio
ISQ: 362100740

Фота: Поллі Хамякіна, another.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі