У Мінгарвыканкаме расказалі, калі адкрыюць рух па мосце на Нямізе

Пашкоджаны пуцеправод у раёне вуліцы Няміга / "Мінск-Навіны"​
Пашкоджаны пуцеправод у раёне вуліцы Няміга / "Мінск-Навіны"​

Адкрыць рух па пуцеправодзе на Нямізе мінскія ўлады плануюць цягам месяца.

"Цягам месяца мы разлічваем скончыць усе будаўнічыя працы і запусціць рух як па новым пуцеправодзе, так і пад ім", – заявіў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў. Яго словы прыводзіць БЕЛТА.

Пакуль жа задача нумар адзін для гарадскіх уладаў — адладзіць рух транспарту ў цэнтры сталіцы, сказаў ён. У выпадку неабходнасці, па словах Кухарава, ДАІ будзе на месцы "перанакіроўваць транспартныя патокі" і рэгуляваць працу святлафораў. Прычым найбліжэйшы тыдзень службы горада, задзейнічаныя ў вырашэнні гэтай задачы, будуць працаваць у кругласутачным рэжыме.

Напярэдадні прадстаўнік "Мастабуда" Аляксей Сарокін казаў, што лёс моста пакуль няясны —  будуць гэта аднаўленчыя рамонтныя работы або будаўніцтва новага пуцеправода. Адказ на гэтае пытанне мусіць даць экспертыза. Новы пуцеправод, па яго словах, пры ідэальных умовах рэальна пабудаваць за тры месяцы.

Нагадаем, пешаходная частка моста над вуліцай Няміга ў цэнтры сталіцы абрынулася ў ноч на 8 студзеня. Паводле версіі гарадскіх уладаў, гэта адбылося праз стомленасць канструкцый, выкліканай працай метро і перападамі тэмператур. Рух па мосце і пад мостам закрыты. Дадамо, што пуцеправод быў пабудаваны ў 1962 годзе. Яго двойчы рамантавалі ў 2004 і 2017 гадах.  Апошні рамонт быў касметычным.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі