У Маскве загінуў топ-менеджар "Лукойла" — выпаў з акна шпіталя

Равіль Маганаў / ТАСС
Равіль Маганаў / ТАСС

У Маскве загінуў кіраўнік рады дырэктараў кампаніі "Лукойл" Равіль Маганаў. Ён выпаў з акна шпіталя, паведамляе Інтэрфакс. Ад атрыманых траўмаў мужчына памёр на месцы, яго цела знайшлі супрацоўнікі шпіталя. Падрабязнасцяў здарэння пакуль няма, што сталася прычынай інцыдэнту, невядома. У шпіталі працуе паліцыя.

У Маганава дыягнаставалі цяжкае сардэчна-сасудзістае захворванне, піша "Коммерсант". Паводле звестак выдання, следчыя праводзяць праверку, рашэння пра завядзенне крымінальнай справы пакуль няма. Гаворка можа ісці пра самагубства, мяркуюць у Следчым камітэце РФ. Равілю Маганаву было 67 гадоў. Раду дырэктараў "Лукойла" ён узначаліў у 2020 годзе.

Адзначым, што сёлета гэта не першая смерць расійскіх топ-менеджараў. У ліпені знайшлі  мёртвым бізнесмена Юрыя Воранава. Ён кіраваў кампаніяй "Астра Шыпінг", якая спецыялізавалася на падрадах "Газпрама" ў Арктыцы. Яго знайшлі з агнястрэльным раненнем. Да гэтага пры дзіўных абставінах памерла яшчэ некалькі высокапастаўленых супрацоўнікаў "Газпрама". У студзені ў Ленінградскай вобласці знайшлі мёртвым кіраўніка транспартнай службы кампаніі "Газпрам-Інвест" Леаніда Шульмана. У лютым загінуў намеснік гендырэктара адзінага разліковага цэнтра "Газпрама" Аляксандр Цюлякоў, у красавіку ў сваёй кватэры ў Маскве былі знойдзеныя целы былога віцэ-прэзідэнта "Газпрамбанка" Уладзіслава Аваева, яго жонкі і дачкі. І тады ж у красавіку паліцыя Іспаніі паведаміла пра смерць Сяргея Пратасені, намесніка кіраўніка рады дырэктараў кампаніі "Наватэк", і яго сям'і. Ва ўсіх выпадках следчыя заяўлялі пра самагубствы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі