У Маскве назвалі суму доўга Беларусі за пастаўлены расійскі газ

У Маскве назвалі суму доўга Беларусі за пастаўлены расійскі газ. Як заявіў віцэ-прэм'ер РФ Аркадзь Дварковіч, гэтая лічба складае ўжо амаль 600 мільёнаў долараў. Расійскі бок чакае, калі ўся сума будзе выплачана, інфармуе ria.ru.

Раней Дварковіч заяўляў, што перамовы па ўрэгуляванню нафтагазавых пытанняў паміж Беларуссю і Расіяй ідуць складана, "рознагалоссі застаюцца".

На мінулым тыдні намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка паведаміў, што наша краіна і Расія блізкія да ўзгаднення ўмоваў паставак прыроднага газу. А міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык адзначыў, што рашэнні наконт расійскага газу прынятыя і цяпер чакаюць узгаднення на палітычным узроўні.

Як вядома, у Мінску лічаць, што цана на расійскі газ несправядлівая, таму летась у аднабаковым парадку сталі недаплачваць у спадзяванні, што расіяне пойдуць на саступкі. Аднак Масква не толькі гэтага не зрабіла, але і скараціла пастаўкі нафты ў нашу краіну.