У Магілёве прэзентавалі pARTisan - "Лузеры"

Аўтары часопісу pARTisan Валянцін Акудовіч, Алесь Анціпенка, Максім Жбанкоў прэзентавалі ў Магілёве і новы нумару часопіса, і вынікі маніторынгу асвятлення выбараў у СМІ, і сябе у межах кампаніі “Будзьма”. pARTisan, адзін з удзельнікаў кампаніі “Будзьма”, прэзентаваў свой новы нумар, галоўнай тэмай якога сталі Лузеры. Лузер - гэта амерыканскі сацыяльны канцэпт няўдачнікаў, які на беларускай глебе трансфармаваўся у стэрэатып нацыянальнай незайздроснай долі. "pARTisan робіць спробу асэнсаваць трансфармацыі заходняга лузерства на мясцовай тэрыторыі, актыўна змешваючы экспартны канон з Чарлза Букоўскага ды Тома Ўэйтса з беларускім класічным "Кепска будзе!" ды постмадэрнісцкім "Мы - беларусы, так нам і трэба".

Адметнасцю нумара Алесь Анціпенка назваў тое, што пашырылася кола аўтараў:

"Сапраўды пашыраецца кола аўтараў "Партызану". І якраз Валянцін Акудовіч казаў, што тут есць шэраг маладых асобаў. Гэта Марыйка Мартысевіч, паэтка, перакладніца і даследчыца літаратуры. І гэта Павал Свярдлоў. Адметнасць у тым што кола аўтараў пашыраецца. І надзвычай важна, што з'яўляюцца маладыя інтэлектуалы."

Таксама на сустрэчы прэзентавалі маніторынг асвятлення выбараў у СМІ. Галоўная выснова: медыі не стварылі шырокую панараму кампаніі і не дапамаглі зрабіць выбар.