У Лошыцы прайшла акцыя памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій

Акцыя памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій прайшла сёння ў Лошыцы на ўскраіне Мінску. Яе арганізавала Кансерватыўна-Хрысціянская партыя - БНФ, якая атрымала дазвол ад уладаў на шэсце і мітынг. У акцыі ўдзельнічалі каля 50 чалавек.
Спачатку людзі сабраліся каля Палацу культуры сталічнага камвольнага камбінату, адкуль з кветкамі, бел-чырвона-белымі сцягамі, партыйнай сімволікай, расцяжкамі "Дзяды", "Абаронім Беларусь ад расійскага імперыялізму" і "Беларуская салідарнасць" прайшлі да Лошыцы, дзе і правялі мітынг.

На ім быў зачытаны зварот лідэра КХП-БНФ Зянона Пазьняка, у якім ён, у прыватнасці, адзначыў, што памяць пра генацыд аб'ядноўвае беларусаў і нагадвае "пра небяспеку акупацыйнага і таталітарнага рэжыму". Паводле Пазняка, Дзяды сталі "галоўным святам беларускага народу".

Алесь Чахольскі ў сваім выступе спрагназаваў у Беларусі "сацыяльны выбух" да вясны 2009 года. Паводле яго словаў, з Расіі вяртаецца каля 1 мільёна беларусаў, якія там працавалі, і неўзабаве ў краіне стане "25% беспрацоўных".

Акцыя прайшла без інцыдэнтаў. БелаПАН адзначае, што за дзве гадзіны да мітынгу КХП-БНФ у Лошыцы сваю акцыю правялі сябры Партыі БНФ. Шэсць актывістаў на чале з Віктарам Івашкевічам усклалі кветкі да памятнага крыжа і запалілі свечкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі