Вы тут

У Лондане ў двух аэрапортах і на вакзале знайшлі выбуховыя прылады

Вакзал Ватэрлоа ў Лондане / Reuters

Тры падазроныя пакеты з выбуховымі прыстасаваннямі выявіла брытанская паліцыя 5 сакавіка. Як паведамляе Бі-Бі-Сі, іх знайшлі ў аэрапортах Хітроў і лонданскага Сіці, а таксама на вакзале Ватэрлоа. 

Усе пакеты былі запакаваныя ў паштовыя канверты. Паліцыя не выключае, што гэтыя выпадкі звязаныя міжсобку. 

Пацярпелых пры абясшкоджваннi пакетаў не было. Хаця калі першы пакет быў знойдзены ў цэнтры Компас на тэрыторыі Хітроў і супрацоўнік цэнтра ўскрыў яго, прылада загарэлася. У двух астатніх таксама былі прыстасаванні, здатныя самазагарацца — гэта магло стаць прычынай невялікага пажару. 

Паліцыя паведаміла, што на канвертах ёсць напісаныя ад рукі адрасы, што павінна спрасціць працу экспертаў.

У выніку здарэнняў у Лондане не адмяняліся рэйсы самалётаў і цягнікоў.