У Літве затрымалі беларуса, які незаконна вывез за мяжу дачку

У Літве затрымалі беларуса, які незаконна вывез за мяжу дачку

У Вільні ў выніку сумеснай аперацыі беларускіх і літоўскіх сілавікоў затрымалі 36-гадовага беларуса Міхаіла Плышэўскага. Як інфармуе прэс-служба МУС Беларусі, на радзіме мінчука падазраюць у здзяйсненні махлярства ў асабліва буйным памеры. Ён завалодаў грашыма, як мінімум, сямі чалавек. Называецца сума ў памеры 100 тысяч долараў. Каб пазбегнуць пакарання, мужчына з'ехаў за мяжу.

Падчас затрымання Міхаіла Плышэўскага з ім была дачка, якую шукала маці. Дзяўчынку аб'яўлялі ў міжнародны вышук. Мужчына быў пазбаўлены бацькоўскіх правоў і не меў права забраць дзіця з сабой. Высветлілася, што ён падрабіў згоду маці на выезд дачкі з Беларусі і гэты дакумент прадаставіў у кампетэнтныя органы.

Знайсці Плышэўскага было няпроста — ён часта пераязджаў з краіны ў краіну: Расія, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Інданэзія, Турцыя, Францыя, Украіна, краіны Балтыі. На свае падарожжы мінчук траціў грошы, якія былі здабытыя з дапамогай махлярства. Міліцыя адзначае, што дзяўчынка ўвесь гэты час не атрымлівала належнага медыцынскага абслугоўвання. У бліжэйшы час яе прывязуць у Мінск да маці, а пакуль яна знаходзіцца ў службе па абароне правоў дзіцяці ў Вільні.

Міхаіл Плышэўскі чакае ў віленскім СІЗА экстрадыцыі ў Беларусь. Яго не толькі падазраюць у махлярстве, але і правяраюць дзеянні па падробцы дакументаў і незаконным вывазе дачкі. Сілавікі не выключаюць, што мінчук мог уваходзіць у склад злачыннага сіндыката, які займаецца крадзяжом грошай з банкаўскіх рахункаў жыхароў краін ЕС.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі