У Лідзе развіталіся з лётчыкамі, што загінулі пры крушэнні Як-130 ў Баранавічах

У Лідзе развітваюцца з загінуўшымі пілотамі / @modmilby​

У Лідзе развіталіся з лётчыкамі Андрэем Нічыпорчыкам і Мікітам Куканенкам, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны. Яны загінулі 19 мая пры крушэнні самалёта ў Баранавічах.

Маёр Андрэй Нічыпорчык і лейтэнант Мікіта Куканенка выконвалі вучэбна-трэніровачны палёт на самалёце Як-130. Падчас палёту ўзнікла тэхнічная няспраўнасць. Пасля расшыфроўкі чорных скрынь у Мінабароны ўдакладнілі, што аварыйная сітуацыя адбылася ў гарызантальным палёце над аэрадромам. Экіпаж далажыў пра здарэнне кіраўніку палётаў. Той даў загад катапультавацца.

 "Кіраўнік палётаў не менш за 10 разоў у эфір падаў каманду "Катапультуйся! Скачы!". У гэты час самалёт перайшоў у некіруемы хаатычны рух і яго траекторыя пачала ўхіляцца налева, г. зн. у бок горада", — расказваў камандуючы ВПС і войскамі СПА Беларусі генерал-маёр Ігар Голуб.

Пілоты да апошняга імкнуліся адвесці самалёт ад населенага пункта. Ахвяр сярод гараджан удалося пазбегнуць, аднак самі лётчыкі загінулі.

Напярэдадні з загінулымі афіцэрамі развіталіся ў Баранавічах, у мясцовым храме Жонак-Міраносіц прайшла паніхіда.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.