Вы тут

За каментары на адрас лётчыкаў, загінулых у Баранавічах, затрымалі 20 чалавек

Міліцыянты шукаюць аўтараў "абразлівых каментароў" на адрас лётчыкаў / pixabay.com

Супрацоўнікі МУС затрымалі 20 чалавек за каментары на адрас загінулых у Баранавічах лётчыкаў. Міліцыянты палічылі гэтыя каментары абразлівымі. 

Маёр Андрэй Нічыпорчык і лейтэнант Мікіта Куканенка загінулі 19 траўня ў Баранавічах, адводзячы самалёт ад жылых дамоў. Калі ў інтэрнэце сталі з'яўляцца негатыўныя каментары на іх адрас, Аляксандр Лукашэнка загадаў знайсці аўтараў.

"Знайшліся нягоднікі, якія вылілі мярзотныя каментары на адрас пілотаў, так і ў адрас беларускага войска ў цэлым. Як заўсёды, мярзотна і цішком пад фальшывымі адрасамі са сваіх пралежаных канап яны вылілі брудныя каментары. Знайсці нелюдзяў стала справай гонару для праваахоўнікаў", — заявіў у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч.

Паведамляецца, што аўтары абразлівых каментароў — "пастаянныя ўдзельнікі пратэснага руху, падпісчыкі экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў, некаторыя ў мінулым судзімыя".

Ім пагражае крымінальная адказнасць паводле артыкула 130 КК — "распальванне сацыяльнай варожасці". За гэта прадугледжваецца да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.