Вы тут

У лагер мігрантаў спрабуюць перакінуць зброю і боепрыпасы — Лукашэнка

Лагер бежанцаў на мяжы Беларусі і Польшчы / БЕЛТА​

Намецілася небяспечная тэндэнцыя, калі ў лагер мігрантаў на беларуска-польскай мяжы спрабуюць перакінуць зброю і боепрыпасы, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на заяву Аляксандра Лукашэнкі, якую ён зрабіў падчас нарады з кіраўніцтвам Савета Міністраў у чацвер.

Па словах Лукашэнкі, гэта адбываецца для таго, каб справакаваць канфлікт.

"У нас вельмі небяспечная пазначылася там тэндэнцыя. Я гэта прадбачыў. Гэта пытанне нашых вайскоўцаў і Камітэта дзяржбяспекі. Пайшлі спробы перакідання зброі, боепрыпасаў і выбухоўкі гэтым людзям у лагеры. Апошнія двое сутак перакідваюць зброю. Зброя ў асноўным ідзе (мы з расіянамі трымаем на кантролі гэтае пытанне, з Пуціным размаўлялі на гэтую тэму) з Данбаса. Ідзе зброя для чаго? Тут хочуць зладзіць правакацыю", — сказаў Лукашэнка.

Па словах Лукашэнкі, у выніку беларускі бок вымушаны па перыметры цяпер кантраляваць сітуацыю, "таму што там курды. А курды — гэта ваяры. <...> Любы аўтамат, пісталет, правакацыя — і ваенны канфлікт".

Адначасова Лукашэнка даручыў Мінабароны, КДБ, памежным войскам забяспечыць кантроль за перамяшчэннем войскаў НАТА і Польшчы. Таксама дадзенае даручэнне звярнуць увагу на пытанні дапамогі бежанцам на мяжы. Акрамя таго, МЗС Беларусі павіннае ў ААН і іншых міжнародных структурах "вельмі жорстка падымаць адпаведныя пытанні".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.