У Кобрыне судзяць настаўніц, пры якіх у аквапарку патанула школьніца

У судзе Кобрынскага раёна пачынаецца разгляд крымінальнай справы аб гібелі непаўналетняй школьніцы ў мясцовым аквапарку.

Абвінавачанымі па справе праходзяць дзве настаўніцы Завершскай базавай школы Драгічынскага раёна. Ім выставілі абвінавачанне ў неналежным выкананні абавязкаў па забеспячэнні бяспекі жыцця і здароўя дзяцей, што пацягнула па неасцярожнасці смерць малалетняга.

Плануецца, што судовыя слуханні будуць адкрытымі, перадае БЕЛТА. На першае паседжанне выкліканыя абвінавачаныя, пацярпелыя і сведкі. Частку з іх дапытаюць сёння, іншым загадана з'явіцца ў суд 21 кастрычніка.

Няшчасны выпадак адбыўся 12 чэрвеня падчас экскурсіі школьнікаў у Кобрынскі аквапарк. Дзіцячую групу суправаджалі дзве настаўніцы, якія мелі больш за 15 гадоў педагагічнага стажу. Дарэчы, адна з іх была класнай кіраўніцай дзяўчынкі. У аквапарку з настаўніцамі парвялі інструктаж і звярнулі ўвагу на неабходнасць сачыць за дзецьмі ў вадзе.

Па версіі следства, дарослыя пакінулі без увагі сямігадовую школьніцу, якая не ўмела плаваць. Адна з настаўніц праходзіла міма басейна і нават не звярнула ўвагі, што школьніца патанула. Патанулую дзяўчынку дастаў з вады выпадковы наведвальнік аквапарку. Выявілася, што другакласніца была пад вадой не менш за 10 хвілінаў.

У стане клінічнай смерці яе даставілі спачатку ў раённую, а потым у дзіцячую абласную лякарню. Медыкі апынуліся бяссільнымі: дзяўчынка памерла 26 чэрвеня.

Фота: БЕЛТА