У Казані могуць прайсці матчы "Тарпеда-БелАЗ" і футбольнай зборнай Беларусі

У Казані могуць прайсці матчы "Тарпеда-БелАЗ" і футбольнай зборнай Беларусі

Цэнтральны стадыён сталіцы Татарстана Казані можа прыняць 29 ліпеня матч жодзінскага "Тарпеда-БелАЗ" у кваліфікацыі Лігі канферэнцый з "Капенгагенам" і хатнія матчы нацыянальнай футбольнай зборнай Беларусі ў адборы чэмпіянату свету. Там кажуць, што рашэнне амаль прынятае, паведамляе business-gazeta.ru.

З-за немагчымасці камандам з замежжа прылятаць у Беларусь на гульні, УЕФА пераносіць іх на нейтральныя стадыёны ў іншыя краіны. Раней стала вядома, што салігорскі "Шахцёр" згуляе матч кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў з "Лудагорцам" у Бялградзе, а брэсцкае "Дынама" сустрэнецца з чэшскай "Вікторыяй" у кваліфікацыі Лігі канферэнцый у Батумі.

Дырэктар казанскай арэны Ільгіз Фахрыеў кажа, што з беларускім бокам "разумення дасягнулі хутка, засталося абмеркаваць дэталі". Гульня "Тарпеда-БелАЗ" на нейтральным полі пройдзе без гледачоў. Склад беларускай каманды збіраюцца аб'явіць і на татарскай мове.

А Беларуская федэрацыя футбола мае намер правесці ў Казані ў верасні хатнія матчы зборнай Беларусі з Уэльсам і Бельгіяй. Праўда, сама АБФФ пакуль гэтую інфармацыю не пракаментавала.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі